Мінск 19:24

Беларусь гатовая пастаўляць Кубе рухавікі і медыкаменты, кааперавацца ў будаўніцтве, энергетыцы, транспарце

Ілюстрацыйнае фота: Gayatri Malhotra / unsplash.com

26 ліпеня, Позірк. Беларусь “захапляецца воляй і стойкасцю кубінцаў, якія ўпэўнена адстойваюць права на выбар уласнага шляху развіцця”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 ліпеня прэзідэнта Кубы Мігеля Марыё Дыяса-Канэля Бярмудзеса і яго суайчыннікаў з Днём нацыянальнага паўстання.

Дыяс-Канэль, які таксама займае пасаду першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы, наведваў Беларусь напрыканцы чэрвеня — у якасці кіраўніка дзяржавы са статусам назіральніка ў ЕАЭС ён удзельнічаў у Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце.

Той візіт, на думку Лукашэнкі, пацвердзіў “не толькі глыбіню міждзяржаўных стасункаў паміж дзвюма краінамі, але і асаблівую цеплыню чалавечых стасункаў”.

“Мінск і Гавана будуюць супрацу выключна на аснове дружбы і ўзаемаразумення, маюць блізкія пазіцыі па асноўных пытаннях сучаснасці, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Актыўны палітычны дыялог на найвышэйшым і высокім узроўнях, пашырэнне кантактаў у рамках міжнародных арганізацый з кожным годам толькі нарошчваюць дынаміку”.

“За кароткі перыяд мы дасягнулі значных вынікаў па такіх перспектыўных напрамках, як харчовая бяспека і прамысловая мадэрнізацыя. Пацвярджаю гатоўнасць да экспарту рухавікоў і медыцынскіх прэпаратаў, а таксама да развіцця кааперацыі ў будаўніцтве, энергетыцы, транспартнай інфраструктуры ды іншых сферах узаемнага інтарэсу”, — заявіў беларускі палітык.

25 чэрвеня на сустрэчы з Дыясам-Канэлем Лукашэнка заявіў, што “з улікам узаемадапаўняльнасці эканомік” Беларусі і Кубы вызначаны “шэраг перспектыўных пунктаў росту ў гандлёва-эканамічнай сферы”. “У іх ліку стратэгічна важныя для Гаваны напрамкі: забеспячэнне харчовай бяспекі, мадэрнізацыя прамысловасці, развіццё будаўнічай галіны, транспартнай інфраструктуры, энергетыкі і здабычы карысных выкапняў, пашырэнне доступу да якасных медыцынскіх прэпаратаў”, — сказаў ён.

Мінск бачыць “добрыя перспектывы” для павелічэння магутнасцей сумесных вытворчасцей сельскагаспадарчай тэхнікі, прычапнога і навяснога абсталявання. Пастаўкі новай тэхнікі могуць ажыццяўляцца ў тым ліку з прымяненнем лізінгавых інструментаў, падкрэсліў Лукашэнка.

“У інтарэсах рамонтных прадпрыемстваў Кубы” ён прапанаваў наладзіць экспарт рухавікоў, запасных частак, а таксама станкоў і абсталявання. Акрамя прамысловай кааперацыі ён згадаў магчымасці пастаўляць беларускую сыравіну, дзяліцца досведам і тэхналогіямі для сумеснай вытворчасці малочных і мясных прадуктаў.

Куба — адна з бедных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Пазіцыянуе сябе як сацыялістычная рэспубліка, адзіная партыя ў краіне — камуністычная, апазіцыя пераследуецца.

У траўні 2025 года ў Гаване прайшло чарговае пасяджэнне кубінска-беларускай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы.

У сярэдзіне лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны пратакол да міжурадавага пагаднення ад 24 чэрвеня 2014 года з пералікам тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адзін аднаму ў рамках “сустрэчнага гандлю”. Згодна з дакументам, для кожнага боку “пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт у 15 млн долараў ЗША на пяцігадовы перыяд”.

Летась 17 ліпеня прэзідэнт Кубы на сустрэчы з Раманам Галоўчанкам, які тады ўзначальваў беларускі ўрад, асудзіў санкцыі ЗША супраць Беларусі і ўмяшанне ў яе справы.

Падзяліцца: