РПЦ запатрабавала ад Беларускай праваслаўнай царквы вярнуць у назву згадку аб прыналежнасці да Маскоўскага патрыярхату

25 ліпеня, Позірк. Сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) на пасяджэнні 24 ліпеня прыняў рашэнне “нагадаць” Беларускай праваслаўнай царкве (БПЦ), што “афіцыйныя назвы“ беларускага экзархата, а таксама яго “кананічных структур — епархій, прыходаў, манастыроў, падворкаў і іншых” павінны ўтрымліваць словазлучэнні “Руская праваслаўная царква” або “Маскоўскі патрыярхат”.
Адпаведная пастанова апублікаваная ў часопісе № 54 Сінода.
Сінод пастанавіў, што ў выпадку адсутнасці згаданых словазлучэнняў у назвах БПЦ і яе кананічных структур, “такія назвы варта прывесці ў адпаведнасць з гэтым азначэннем”.
Сінод РПЦ спасылаецца на п. 15 азначэнняў Архіерэйскага сабора 1989 года, які пастанавіў “утварыць беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату”.
20 верасня 2024 года стала вядома, што беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы, які мае юрыдычную назву “Рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне “Беларуская праваслаўная царква” першым прайшоў перарэгістрацыю, прадугледжаную законам “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый” ад 30 снежня 2023 года.
Зараз у БПЦ уваходзяць 17 епархій. Як паказвае аналіз “Позірку”, на сайтах епархій іх назвы пазначаныя па-рознаму.
Гродзенская епархія вызначаная як “Гродзенская епархія Беларускай праваслаўнай царквы (беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату)”, брэсцкая ― “Брэсцкая епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату”, бабруйская ― “Бабруйская епархія Беларускай праваслаўнай царквы, Маскоўскі патрыярхат”.
Мінская епархія значыцца як “Мінская епархія Беларускай праваслаўнай царквы”, на сайце віцебскай епархіі ў адпаведным раздзеле не згадваюцца ні БПЦ, ні РПЦ.
Сайат БПЦ мае назву “Афіцыйны партал Беларускай праваслаўнай царквы”, гэта значыць у адпаведнасці з юрыдычнай назвай рэлігійнай арганізацыі.
Ініцыятыва “Хрысціянская візія”, каментуючы рашэнне Сінода РПЦ, выказала здагадку, што “гнеў маскоўскага начальства можа быць выкліканы тым, што, як паведамляецца ў некаторых крыніцах, у перапрацаваным для перарэгістрацыі статуце БПЦ знікла яе “другая назва” ― беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату”. “Менавіта так і ніяк інакш у Маскве называюць беларускую царкву”, — звяртае ўвагу ініцыятыва.
“Хрысціянская візія” адзначае, што “за апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі склаўся кансенсус з нагоды назвы сваёй царквы як “Беларуская праваслаўная царква” без грувасткага азначэння “Маскоўскага патрыярхату”. “Калі ў свой час ва Украіне была неабходнасць выкарыстоўваць гэтая дадатковае азначэнне, каб адрозніваць УПЦ Маскоўскага патрыярхату ад УПЦ Кіеўскага патрыярхату, то ў Беларусі ніякіх альтэрнатыўных царкоўных юрысдыкцый не было”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
“Безумоўна, ужыванне паняцця “Беларуская праваслаўная царква” выклікае ў Маскве раздражненне і счытваецца як імкненне да большай ад Масквы адасобленасці”, — заяўляе “Хрысціянская візія”.
На думку ініцыятывы, “на ігнараванне патрэбных з боку вышэйшага царкоўнага начальства паправак кіраўніцтва БПЦ наўрад ці вырашылася па ўласнай ініцыятыве”, “па ўсёй бачнасці”, гэта “чарговы віток кулуарнага супрацьстаяння паміж Мінскам і Масквой на дзяржаўным узроўні”.
“Хрысціянская візія” нагадвае, што ў 2020 годзе “маскоўскай патрыярхіі давялося саступіць патрабаванню Мінска і адмовіцца ад ранейшай палітыкі ставіць на чале БПЦ іерарха расійскага паходжання”. Тады замест мітрапаліта Паўла (Панамарова) “праваслаўную царкоўную структуру Беларусі ўзначаліў Мітрапаліт Веніямін (Тупека) ― беларускі іерарх, які задавальняе інтарэсам рэжыму, які ўзяў курс на больш цесны кантроль над рэлігійнай сферай”.
“Але чым больш кантроль БПЦ з боку дзяржавы, тым менш ён з боку маскоўскай патрыярхіі, у якой непрыманне такога курсу выліваецца ў падобныя ўчорашняму істэрычныя пастановы. Дарэчы кажучы, гэта пастанова супярэчыць і статуту РПЦ, дзе сказана, што “Беларуская праваслаўная царква” — іншая афіцыйная назва беларускага Экзархат. Хай і “іншаая”, але таксама афіцыйная і без даданняў”, ― заяўляе ініцыятыва.
“Хрысціянская візія” заклікала “журналістаў, медыя і публічных асоб” прытрымлівацца “традыцыі, якая склалася ў Беларусі па афіцыйнай назве праваслаўнай царкоўнай структуры ў Беларусі як “Беларуская праваслаўная царква”.

- ЭканомікаУ першай палове 2025 года сярод несезонных тавараў і паслуг хутчэй за ўсё даражэлі какава-парашок, селядзец і абед у сталовай (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваДа 2030 года скрынінг спадчынных захворванняў у нованароджаных плануецца павялічыць у сем разоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства