Мінск 08:35

Здарылася ўцечка персанальных даных звыш 100 тыс. кліентаў будмаркета Mile

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

25 ліпеня, Позірк. Аб маштабнай уцечцы інфармацыі аб кліентах ТАА “Астомстрой” (сетка будаўнічых крам Mile) паведамляе Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных (НЦАПД).

Падкрэсліваецца, што ўцечка здарылася ў “выніку несанкцыянаванага доступу да інфармацыйнай сістэмы” гандлёвай сеткі.

Паведамляецца, што “ўцечка закранула больш за 109 тысяч суб’ектаў персанальных звестак”.

НЦАПД удакладняе, што староннія асобы маглі атрымаць наступныя даныя: прозвішча, імя і імя па бацьку кліента, індыкатар (ID), адрас электроннай пошты, нумар тэлефона, нумар карты праграмы лаяльнасці, даты рэгістрацыі/дэактывацыі.

“Аператарам аператыўна заблакаваны доступ да ўразлівага модулю. Праводзіцца праверка”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Астомстрой” “абавязваецца інфармаваць усіх асобаў, закранутых уцечкай”, адзначае НЦАПД. Ён заклікаў кліентаў Mile “праяўляць асцярожнасць і быць уважлівымі ў выпадку паступлення званкоў з незнаёмых нумароў”.

“Не паведамляйце незнаёмцам канфідэнцыйныя звесткі пра сябе. Не спампоўвайце па іх просьбе прыкладанні, а таксама не адкрывайце спасылкі і ўкладанні, накіраваныя па электроннай пошце”, — заявілі ў цэнтры.

ТАА “Астомстрой” заснавана 2003 годзе. Асноўным відам дзейнасці кампаніі з’яўляецца аптова-рознічны гандаль будаўнічымі і аддзелачнымі матэрыяламі.

Падзяліцца: