Мінск 08:58

Мінулай ноччу тры пасажырскія самалёты вылецелі з Мінска са спазненнем

Фота: тэлеграм-канал "Белавія"

25 ліпеня, Позірк. Тры рэйсы з Нацыянальнага аэрапорта Мінск былі затрыманыя ў ноч на 25 ліпеня.

Паводле даных анлайн-табло на сайце аэрапорта, рэйсы “Белавія” ў Шарм-эль-Шэйх (Егіпет) і Анталлю (Турцыя) былі перанесеныя з 0:25 на 1:00 і з 2:30 на 4:00 адпаведна, самалёт авіякампаніі “Флай Дубай” адправіўся ў Дубай (ААЭ) у 1:15 замест 0:30.

Прычыны затрымак не паведамляюцца.

Вылет самалёта беларускага авіяперавозчыка ў Дубай у 4:25 прайшоў паводле раскладу.

Мінулай ноччу ўкраінскія беспілотныя лятальныя апараты “масіравана атакавалі” аб’екты ў Краснадарскім краі (РФ). Пра гэта паведаміў кіраўнік рэгіёну Веніямін Кандрацьеў.

Раней авіяперавозчыкі адмянялі або затрымлівалі рэйсы з-за ўвядзення абмежаванняў на працу расійскіх аэрапортаў падчас атакі дронаў.

22 ліпеня быў адменены рэйс “Аэрафлота” (РФ) з Мінска ў Маскву.

21 ліпеня паведамлялася аб адмене трох рэйсаў “Аэрафлота” з аэрапорта Шарамеццева, а таксама зваротных рэйсаў з Мінска ў Маскву. Са значным спазненнем вылецелі ў аэрапорты Унукава і Шарамеццева з Мінска рэйсы “Аэрафлота” і кампаніі “Перамога”, якія паводле раскладу павінны былі адправіцца яшчэ ўвечары 20 ліпеня. Таксама быў перанесены рэйс “Аэрафлота” з Мінска ў Шарамеццева.

Не менш за 26 рэйсаў “Белавія” было затрымана 28 траўня, 12 з іх рухаліся са спазненнем да шасці гадзін.

Падзяліцца: