Мінск 08:51

МНС паведаміла пра “хлапок” ў бульбяным полі пад Мінскам, разарваны газаправод

Відэазапіс: МНС Стоп-кадр: "Позірк"

25 ліпеня, Позірк. Паведамленне пра “хлапок” каля аграгарадка Атоліна Мінскага раёна паступіла ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях увечары 24 ліпеня, паведамляе прэс-служба ведамства.

“Па прыбыцці да месца здарэння ўстаноўлена, што ў бульбяным полі адбыўся разрыў газавага трубаправода дыяметрам 700 мм, з прычыны чаго ўтварылася варонка”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пацярпелых няма.

“Пах газу адсутнічае. Газазабеспячэнне спажыўцоў не парушана”, — адзначае МНС.

Прадпрыемства “Мінгаз” паведаміла, што інцыдэнт адбыўся 24 ліпеня каля 20:45 на магістральным газаправодзе ААТ “ГазпрамТрансгазБеларусь” у раёне населеных пунктаў Цімошкі, Атоліна, Русінавічы.

Адзначаецца, што “здарылася разгерметызацыя газаправода”.

“Выхад газу лакалізаваны. Газазабеспячэнне спажыўцоў Мінска і Мінскага раёна ажыццяўляецца па другой нітцы. Абмежаванне ў газазабеспячэнні спажыўцоў не прадугледжваецца”, — паведаміў “Мінгаз”.

Супрацоўнікі прадпрыемства “кантралююць нармальнае функцыянаванне газатранспартнай сістэмы ў дадзеных населеных пунктах”, “забяспечваецца бесперабойнае газазабеспячэнне спажыўцоў”.

“Хлапок” — эўфемізм, які выкарыстоўваецца дзяржструктурамі і прапагандай Беларусі і Расіі, звычайна азначае выбух.

Падзяліцца: