Мінск 02:16

Лукашэнка запрасіў у Беларусь прэзідэнта Узбекістана

Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў (люты 2024 года, Узбекістан)
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

24 ліпеня, Позірк. Двухбаковыя стасункі, развіццё супрацы і рэалізацыю “перспектыўных сумесных праектаў” абмеркаваў па тэлефоне Аляксандр Лукашэнка з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым 24 ліпеня, у дзень нараджэння кіраўніка дзяржавы ў Цэнтральнай Азіі.

Прэс-служба віншавальніка адзначыла, што ў 2024 годзе тавараабарот паміж краінамі перавысіў 630 млн долараў, а ў студзені — траўні 2025 года склаў амаль 280 млн. Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што “краіны захаваюць дынаміку нарошчвання гандлёва-эканамічнай супрацы”, і запрасіў Мірзіёева наведаць Беларусь, каб “больш падрабязна абмеркаваць тэмы, што прадсташляюць узаемны інтарэс”.

Суразмоўцы таксама паразмаўлялі пра “ўзаемадзеянне на шматбаковых пляцоўках”, абмеркавалі “міжнародную абстаноўку”.

Раніцай 24 ліпеня Лукашэнка накіраваў Мірзіёеву віншаванне з 68-годдзем, у якім адзначыў, што поспехі Ташкента ва “ўмацаванні дзяржаўнасці, мадэрнізацыі эканомікі і падвышэнні аўтарытэту на міжнароднай арэне” з’яўляюцца “бясспрэчным сведчаннем правільнасці” курсу, які праводзіць прэзідэнт Узбекістана.

Палітык падкрэсліў, што “традыцыі брацкага беларуска-ўзбекскага сяброўства працягнуць быць трывалай асновай для далейшага развіцця двухбаковай супрацы, якой Мінск надае асаблівае значэнне”.

Мірзіёеў наведваў Мінск 26–27 чэрвеня 2025 года як удзельнік Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Лукашэнка быў ва Узбекістане ў лютым 2024 года. Па выніках таго візіту яны з Мірзіёевым выступілі з сумеснай заявай, у якой адзначылі, што Мінск і Ташкент “працягнуць прыкладаць намаганні для далейшага развіцця партнёрства”. У дакуменце таксама гаварылася, што “прыярытэтным напрамкам” беларуска-ўзбекскіх стасункаў з’яўляецца “далейшае пашырэнне ўзаемавыгаднай гандлёва-эканамічнай супрацы”.

Падзяліцца: