Мінск 02:05

У першай палове 2025 года пасля ўкусу кляшча за меддапамогай звярнулася на 10,8% больш людзей, чым годам раней

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінздароўя

24 ліпеня, Позірк. За студзень — чэрвень 2025 года па медыцынскую дапамогу наконт прысмоктвання кляшча ў арганізацыі аховы здароўя звярнулася больш за 16 тыс. чалавек — на 10,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Найбольшая колькасць пацярпелых зафіксаваная ў Гродзенскай, Брэсцкай абласцях і Мінску, найменшая — у Мінскай і Віцебскай абласцях.

Часцей за ўсё (больш за 70% выпадкаў) клешчы прысмоктваліся ў лесе, радзей — на прысядзібных участках і ў населеных пунктах.

Колькасць выпадкаў заражэння Лайм-барэліёзам і клешчавым вірусным энцэфалітам, паводле назіранняў медыкаў, у гадавым вымярэнні знізілася ў 1,2 разы.

Мінздароўя адзначае, што найбольш эфектыўны метад абароны ад клешчавога віруснага энцэфаліту — вакцынацыя, якая складаецца з двух доз.

Пры наведванні лясных і паркавых зон рэкамендуецца апранаць светлае аднатоннае адзенне, якое максімальна пакрывае рукі і ногі; абавязкова выкарыстоўваць сродкі (рэпеленты), якія адпужваюць кляшчоў, у тым ліку для жывёл; праводзіць сама- і ўзаемаагляды адзення і цела, у тым ліку агляды жывёл, якія прыйшлі з прагулак; ужываць у ежу толькі праваранае казінае малако (раней рэгістравалі выпадкі клешчавога энцэфаліту пасля ўжывання сырога казінага малака); не дапушчаць зарастання травой участкаў на лецішчах, праводзіць дэратызацыю і акарыцыдную апрацоўку ўчастку.

Як паведамлялася раней, праведзеныя летась даследаванні кляшчоў у сельскіх населеных пунктах, сярэдніх і буйных гарадах паказалі, што 35% кляшчоў з выбаркі былі заражанымі, гэта значыць неслі нейкі патаген. Некаторыя клешчы неслі па некалькі патагенаў.

Падзяліцца: