Мінск 02:01

У Валожынскім раёне двое непаўналетніх атрымалі сур’ёзныя апёкі падчас распальвання лазні

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

24 ліпеня, Позірк. Двое братоў (14 і 6 гадоў) атрымалі апёкі рознай ступені падчас распальвання лазні 23 ліпеня ў вёсцы Навасёлкі (Валожынскі раён Мінскай вобласці), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле папярэдняй інфармацыі ведамства, старэйшы з братоў, “дапамагаючы бабулі, вырашыў паскорыць працэс гарэння, плёснуўшы бензін у печ, што прывяло да ўзгарання вадкасці ў яго руках”.

“Спалохаўшыся, падлетак адкінуў бутэльку, трапіўшы бензінам на малодшага брата, у якога загарэліся спіна і галава, — гаворыцца ў паведамленні. — Спрабуючы патушыць агонь, старэйшы хлопчык атрымаў апёкі. Сведкам няшчаснага выпадку стала іх сястра. Яна і паклікала бабулю, якая збіла полымя, а таксама выклікала хуткую”.

Дзеці шпіталізаваныя. У 6-гадовага хлопчыка апёкі 24% цела, у 14-гадовага — 15%.

“На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Цяпер праводзіцца праверка для высвятлення ўсіх абставін здарэння. Асаблівая ўвага будзе нададзеная прычынам і ўмовам, якія садзейнічалі траўмванню дзяцей”, — заяўляе СК.

Падзяліцца: