Мінск 15:48

Дэлегацыя МУС у Пакістане абмеркавала пытанні працоўнай міграцыі

23 ліпеня, Позірк. Дэлегацыя МУС Беларусі на чале з начальнікам Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксеем Бегуном падчас візіту ў Ісламабад (Пакістан) правяла “экспертныя кансультацыі па ўзаемадзеянні ў сферы працы і працаўладкавання”, паведамляе тэлеграм-канал ведамаснай газеты “На страже”.

Бакі “прадметна абмеркавалі прававыя механізмы супрацоўніцтва ў перспектывах працэсу знаходжання кваліфікаваных пакістанскіх работнікаў” у Беларусі, падрыхтоўку праекта адпаведнага мемарандума.

Таксама на сустрэчах “прапрацавалі алгарытмы абмену прававой інфармацыяй і практычнай рэалізацыі пагаднення аб рэадмісіі” і “падкрэслілі сумесную зацікаўленасць у комплексным узаемадзеянні па тэмах міжурадавых пагадненняў у сферы працы і працаўладкавання”.

Удзельнікі перамоў з пакістанскага боку не называюцца.

11 красавіка па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мінск і Ісламабад дамовіліся вызначыць механізм для прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. “Кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей”, — заявіў ён.

23 красавіка Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што выяўлены “актыўныя правакатары, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”, распаўсюджваючы інфармацыю пра ўезд у Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана.

25 красавіка Лукашэнка заявіў, што “зацікаўленыя” нібыта хочуць “устрывожыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў.

21 траўня Лукашэнка падпісаў указ “Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі”, які прадугледжвае адказнасць працадаўцаў за замежных работнікаў. На наступны дзень ён заявіў, што ў Беларусь будуць прыцягвацца працоўныя рэсурсы “перш за ўсё з былых рэспублік Савецкага Саюза”, але падкрэсліў, што гэта могуць быць і грамадзяне іншых краін.

Пры гэтым ён заявіў, што калі замежныя работнікі парушаць працоўную дамову, неабходна “імгненна” перадаваць інфармацыю ў міліцыю: “Яны даводзяць да цэнтра, мы іх адсюль дэпартуем. Яны неадкладна будуць выселены з Беларусі”.

Прыняць “вычарпальныя меры па недапушчэнні правапарушэнняў і злачынстваў з удзелам замежнікаў” запатрабаваў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі УУС Мінаблвыканкама 21 ліпеня.

Падзяліцца: