Мінск 21:23

У першым паўгоддзі Банк развіцця накіраваў больш за 2 млрд рублёў на падтрымку экспарта

Крыніца: pixabay.com

22 ліпеня, Позірк. Прамежкавыя планавыя задачы па аб’ёмных паказчыках Банка развіцця Беларусі (БРРБ) выкананыя, у першым паўгоддзі 2025-га агульны аб’ём фінансавання эканомікі склаў амаль 6 млрд рублёў, заявіў 21 ліпеня на пашыраным пасяджэнні праўлення ўстановы яго кіраўнік Сяргей Сталярчук.

Паводле слоў Сталярчука, як паведамляе прэс-служба БРРБ, дынаміка першых шасці месяцаў працы “станоўчая па ўсіх напрамках дзейнасці банка”.

“Пры гэтым самы высокі прырост — больш за 30% — адзначаецца ў кірунку падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва”, — сцвярджае кіраўнік банка.

Каментуючы вынікі паўгоддзя па кожным з кірункаў дзейнасці, намеснік кіраўніка праўлення БРРБ Канстанцін Панкевіч адзначыў, што “партфель інвестыцыйных і іншых крэдытаў” вырас амаль на 600 млн рублёў, а агульны аб’ём іх выдачы склаў каля 1,6 млрд рублёў.

Таксама Банкам развіцця працягнутая фінансавая падтрымка беларускага экспарту, сказаў Панкевіч. “Памер экспартнага крэдытнага партфеля з пачатку года дэманструе рост, а аб’ём фінансавання на валавой аснове склаў больш за 2 млрд рублёў, што забяспечвае выкананне паловы ад планавага задання бягучага года, — сказаў ён. — Прафінансаваныя вытворчасць і пастаўкі на экспарт шырокага спектру беларускіх тавараў: ад прадукцыі машынабудавання і сельскай гаспадаркі да бытавой і электратэхнікі”.

На падтрымку малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паводле слоў Панкевіча, банк выдзеліў каля 244 млн рублёў або амаль 70% ад гадавога плана. У параўнанні з першым паўгоддзем “дасягнуты практычна паўтараразовы рост аб’ёмаў фінансавання”.

“Зыходзячы з прыярытэтнасці падтрымкі экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных праектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, амаль 90% у агульным партфелі займаюць праекты, звязаныя з вытворчасцю і сельскай гаспадаркай”, — рэзюмаваў Панкевіч.

Як сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, з краінамі СНД тавараабарот за студзень — травень 2025 года склаў 21 млрд 921,9 млн долараў (за аналагічны перыяд 2024-га — 21 млрд 966,4 млн; -0,2%). Аб’ём экспарту склаў 11 млрд 339,6 млн (11 млрд 335,4 млн; +0,04%), імпарту — 10 млрд 582,3 млн (10 млрд 631 млн; -0,5%); дадатнае сальда — 757,3 млн (704,4 млн; +7,5%).

Тавараабарот з дзяржавамі па-за СНД — 11 млрд 992 млн долараў (12 млрд 59,8 млн; -0,6%): экспарт — 4 млрд 314,4 млн (4 млрд 858,3 млн; -11,2%), імпарт — 7 млрд 677,6 млн (7 млрд 201,5 млн; +6,6%); адмоўнае сальда — 3 млрд 363,2 млн (-2 млрд 343,2 млн; +43,5%).

Паводле звестак Белстата, знешнегандлёвы абарот тавараў у 2024 годзе склаў 86 млрд 27,2 млн долараў (+3,7% да 2023 года, калі было 82 млрд 931,8 млн). Экспарт за год дасягнуў 40 млрд 327,3 млн долараў (+1,2%; 39 млрд 840,1 млн), імпарт — 45 млрд 699,9 млн (+6,1%; 43 млрд 91,7 млн). Адмоўнае сальда склала 5 млрд 372,6 млн долараў (па выніках 2023 года было -3 млрд 251,6 млн; +65,2%).

ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” — спецыялізаваны дзяржбанк. Займаецца фінансаваннем інвестпраектаў, падтрымкай экспарту, малога і сярэдняга бізнесу. Знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, Канады, Японіі, Новай Зеландыі, Украіны і Швейцарыі.

Падзяліцца: