Мінск 22:04

НАУ прапануе Польшчы ўвесці санкцыі супраць кіраўніцтва ДПК Беларусі

Ілюстратыўнае фота: "Минск-новости"

21 ліпеня, Позірк. За дачыненне да міграцыйнага крызісу на мяжы ўвесці санкцыі супраць кіраўніцтва Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі прапануе Польшчы Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), заявіў яго кіраўнік Павел Латушка падчас стрыму на сваім ютуб-канале.

“Мы ўнеслі ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы цэлы пакет прапаноў аб увядзенні санкцый у дачыненні да кіраўніцтва пагранічнага камітэта Беларусі, у дачыненні да прапагандыстаў, якія падтрымліваюць гэтую міграцыйную вайну”, — сказаў палітык.

Латушка анансаваў сваю сустрэчу з кіраўніцтвам МЗС Польшчы 21 ліпеня, на якой мае намер закрануць тэму санкцый.

“Я буду адстойваць пазіцыю: нельга закрываць пагранічныя пераходы для людзей, нельга Беларусь блакіраваць, закрываць, не ведаю, там, у нейкім кансервавым банку. Рэагаваць трэба на рэжым, на першапрычыну”, — растлумачыў ён.

Латушка прапануе Варшаве “закрываць таварныя патокі — біць па рэжыме, каб яму гэта вельмі дорага каштавала”, а таксама ініцыяваць, па аналогіі з Літвой, пазоў у Міжнародны суд ААН у сувязі з міграцыйным крызісам.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных пагранічных службаў суседніх дзяржаў ЕС паказаў, што з пачатку 2025 года яны прадухілілі 24,3 тыс. спроб мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі, у тым ліку Польшча — 16,3 тыс.

16 ліпеня міністр нацыянальнай абароны краіны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў аб нарастанні агрэсіі з боку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу з беларускай тэрыторыі.

17 ліпеня польскі міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семаняк заявіў, што ў Варшаве “вельмі сур’ёзна” ўспрымаюць інцыдэнт, які адбыўся 15 ліпеня, калі ў бок Польшчы праз агароджу на мяжы з Беларуссю кінулі бутэльку з запальнай сумессю.

На гэты момант для пасажырскіх перавозак з Польшчай адкрыты толькі пункт пропуску Цярэспаль (Брэст), для грузавога транспарту — Кукурыкі (Казловічы).

Астатнія пункты пропуску зачыненыя Варшавай як рэакцыя на дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: