Мінск 22:10

Праз навальніцы па ўсёй Беларусі на 20 ліпеня абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі

Ілюстрацыйнае фота: David Moum / unsplash.com

19 ліпеня, Позірк. У сувязі з неспрыяльнымі з’явамі надвор’я на 20 ліпеня па ўсёй Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі, вынікае з паведамлення Белгідрамета.

Апублікаваная сіноптыкамі мапа сведчыць, што навальніцы і дажджы чакаюцца ва ўсіх рэгіёнах краіны, залевы — у Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай абласцях, туман — у Гомельскай і Мінскай. На падрыхтаванай Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях мапе, заснаванай на тых жа звестках, бачна, што навальніца таксама прагназуецца ў сталіцы.

Тэмпература паветра ўдзень у Мінску складзе ад 22 да 24 градусаў цяпла (уначы — 15–17), у Магілёўскай вобласці — ад 20 да 25 градусаў (13–18), Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай — ад 21 да 26 градусаў (уначы ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях — 13–18, у астатніх — 14–19).

МНС папярэджвае, што гэтыя ўмовы надвор’я могуць прывесці да пашкоджання (абрыву) ліній электраперадачы, парушэння электразабеспячэння; узнікнення прыродных і тэхнагенных пажараў; значнага зніжэння бачнасці, ускладнення або спынення руху транспарту; блакавання людзей у “падвальных і заглыбленых” памяшканнях, а таксама асабістым і грамадскім транспарце; падтаплення асобных дамоў, гаспадарчых пабудоў, агародаў, сельгасугоддзяў, мясцовых дарог.

Жыхарам краіны рэкамендавана падчас навальніцы трымацца падалей ад антэн ды электраправодкі; не спускацца ў падземныя пераходы і “іншыя заглыбленыя памяшканні”; старацца хавацца ў будынках, размешчаных вышэй за магчымы ўзровень падтаплення; пакідаць аўтамабілі ў гаражах або паркаваць удалечыні ад дрэў ды слаба ўмацаваных канструкцый.

Непагадзь, як правіла, прыводзіць да парушэння звыклага ўкладу жыцця ў сталіцы і рэгіёнах. У Мінску адбываецца падтапленне шэрагу вуліц, з-за чаго спыняецца або ўскладняецца рух грамадскага транспарту. Моцны вецер абрывае лініі электраперадачы.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі паведамляў, што пасля мінулага навальнічнага фронту ў ноч на 10 ліпеня на гарачыя лініі МНС паступіла 4,5 тыс. зваротаў па дапамогу.

10 ліпеня падзенне дрэва падчас непагадзі прывяло да гібелі жанчыны ў Магілёве, гэта адбылося каля 2 гадзін ночы на рацэ Днепр. 32-гадовая жанчына разам з мужам напярэдадні ўвечары прыехала на рыбалку.

Падзяліцца: