Мінск 01:52

Пракуратура абвінаваціла Мінпрыроды ў ігнараванні забруджванняў Дняпра

15 ліпеня, Позірк. Падчас праверкі выканання нормаў заканадаўства пра экалогію зафіксавана звыш 12,3 тыс. фактаў забруджвання паверхневых вод, у тым ліку 4 тыс. — басейна ракі Днепр, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Адзначаецца, што Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя “не была створана сістэма рэагавання на такія факты, праз што не ставілася пытанне пра кампенсацыю нанесенай экалогіі шкоды”.

“Факты фіксацыі адмоўнага змянення стану водных аб’ектаў заставаліся доўгі час без перагляду іх статусу, а сетка пунктаў назіранняў Мінпрыроды не ўдасканальвалася”, — адзначае пракуратура.

Пракуроры канстатавалі невыкананне шмат якіх пунктаў дзеючага Плана кіравання басейнам ракі Днепр. У прыватнасці, землекарыстальнікі не рэалізавалі больш за 750 мерапрыемстваў (16%): знос пабудоў, будаўніцтва дажджавой каналізацыі, добраўпарадкаванне тэрыторыі і іншыя, не ліквідавалі 1,43 тыс. бесгаспадарчых гідратэхнічных збудаванняў (шлюзы, дамбы і інш.).

Тэрытарыяльныя органы ўлады таксама не забяспечылі выдаленне воднай расліннасці, санітарную ачыстку і добраўпарадкаванне водных аб’ектаў у Бабруйску (Магілёўская вобласць), Гомелі, Бабруйскім, Дрыбінскім, Краснапольскім, Круглянскім, Крычаўскім, Хоцімскім, Чаўскім, Чэрыкаўскім, Мінскім, Барысаўскім, Бярэзінскім, Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Рагачоўскім і Гомельскім раёнах, канстатуе нагляднае ведамства.

Барысаўскі, Мінскі, Лагойскі, Касцюковіцкі і Чэрыкаўскі райвыканкамы пры бяздзейнасці Мінпрыроды не прынялі мер да распрацоўкі мерапрыемстваў для паляпшэння экалагічнага стану рэк Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Жадунька і Вудага. Не створаны 15 новых пунктаў назірання, прадугледжаных Нацыянальнай стратэгіяй кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змены клімату, а таксама згаданым планам.

Акрамя таго, шэраг выканаўчых камітэтаў “не забяспечыў распрацоўку мерапрыемстваў для аднаўлення экалагічнага стану 23 водных аб’ектаў, што размешчаны ў басейнах рэк Заходні Буг (7), Заходняя Дзвіна (6), Прыпяць (6) і Нёман (4)”.

Праз “невыкананне тэрмінаў будаўніцтва і недастатковае фінансаванне за справаздачны перыяд не ўведзена ў эксплуатацыю 12 ачышчальных збудаванняў”. Пры гэтым пракуроры выявілі выпадкі невыканання праграмы рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Гомельскім, Рагачоўскім, Кармянскім і Аршанскім раёнах.

У 15 раёнах Магілёўскай вобласці, сямі раёнах Гомельскай вобласці і трох — Мінскай вобласці выяўлены парушэнні пры эксплуатацыі жывёлагадоўчых аб’ектаў: адсутнасць агародж для прадухілення разліву пабочных прадуктаў жывёлагадоўлі і воданепранікальных гноесховішчаў.

Шматлікія прыродакарыстальнікі праігнаравалі патрабаванні аб вывадзе з эксплуатацыі 61 поля глебавай фільтрацыі сцёкавых вод, якія аказалі негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. З эксплуатацыі выведзена толькі 11 такіх аб’ектаў (104 га).

Не былі прыняты меры па ліквідацыі Дрыбінскага, Гарадоцкага і Пастаўскага пахаванняў непрыдатных пестыцыдаў, якія пасля даследаванняў прызнаны пагрозай для бяспекі падземных вод.

Па выніках праверкі намеснік генеральнага пракурора ўнёс прадстаўленне міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у якім запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя парушэнні. Пра вынікі наглядных мерапрыемстваў праінфармаваны Савет Міністраў.

У Беларусі рэалізоўвалася некалькі еўрапейскіх праектаў, накіраваных на ўстойлівае кіраванне воднымі рэсурсамі басейнаў рэк, у прыватнасці Дняпра і Прыпяці. Напрыклад, праграма EUWI+ (European Water Initiative Plus), якая дзейнічала ў Беларусі да 2020 года, мела агульны бюджэт для шасці краін, уключаючы Беларусь, звыш 24,5 млн еўра.

Праект E-40 “Днепр — Вісла” быў накіраваны на аднаўленне воднага шляху ад Балтыкі да Чорнага мора з агульным бюджэтам каля 900 тыс. еўра.

Праект “Чыстыя рэкі” (ENI CBC Польшча — Беларусь — Украіна) быў рэалізаваны на рацэ Мухавец (басейн Прыпяці), агульны бюджэт 2,6 млн еўра.

Аднак супрацоўніцтва з Мінскам у выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі было прыпынена практычна па ўсіх напрамках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: