Мінск 01:18

Каля тысячы беларусаў атрымала міжнародную абарону ў Польшчы за першую палову 2025 года

Ілюстрацыйнае фота: Natalia Gasiorowska / unsplash.com

15 ліпеня, Позірк. За першае паўгоддзе 2025 года міжнародную абарону ў Польшчы атрымала каля 1.000 грамадзян Беларусі, якія звярнуліся па яе, адмоўлена — 70, сведчаць статыстычныя даныя, апублікаваныя польскім Упраўленнем па справах замежнікаў.

Беларусы — другая нацыянальная група ў Польшчы паводле колькасці тых, хто атрымаў абарону і каму ў ёй адмовілі; саступае толькі ўкраінцам (1.500 і 500 адпаведна).

У абароне адмоўлена 130 грамадзянам РФ (колькасць задаволеных хадайніцтваў не пазначаная; на 3-м месцы паводле гэтага паказчыку знаходзіцца Эфіопія, абарону надалі 60 грамадзянам гэтай краіны).

У студзені — чэрвені ў профільную службу ад беларусаў паступіла каля 1.600 новых заяў з просьбай надаць міжнародную абарону (ад украінцаў — каля 5.000, расіян — 400).

Спыненыя справы ў дачыненні да амаль 1.500 асоб. У першую чаргу гэта тычылася грамадзян Украіны (каля 300), Эфіопіі і Таджыкістана (каля 100). Часцей за ўсё справы спыняюцца, калі замежнік пакінуў Польшчу да вынясення рашэння.

Нагадаем, што з 27 сакавіка 2025 года дзейнічае абмежаванне права падачы хадайніцтва аб наданні міжнароднай абароны на мяжы Польшчы з Беларуссю. Асобы, якія падаюць адпаведныя хадайніцтвы ва ўстановах памежнай службы, размешчаных паблізу польска-беларускай мяжы, складаюць нязначны працэнт ад агульнай колькасці заяўнікаў.

Замежнікам даюць міжнародную абарону (у форме статусу ўцекача або дадатковай абароны), калі яму пагражае пераслед або рэальная небяспека страты жыцця або здароўя ў краіне паходжання. Пры гэтым “асоба не павінна знаходзіцца ў абставінах, якія маглі б паказваць, напрыклад, на тое, што яна можа прадстаўляць пагрозу бяспецы”.

Колькасць грамадзян Беларусі, якія атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы, скарацілася ў 2024 годзе на 10,4%, сведчылі даныя, якія згаданае ўпраўленне публікавала на пачатку 2025-га.

Летась міжнародную абарону ў Польшчы атрымала 2,6 тыс. грамадзян Беларусі, у 2023-м — 2,9. Пры гэтым у 2024 годзе беларусамі пададзена 3,9 тыс. заяў з просьбай надаць абарону (у 2023-м — 3,7 тыс.), адмову атрымала 150 чалавек.

Тады, як і цяпер, беларусы былі на другім месцы паводлеколькасці ухваленых заяў, саступіўшы ўкраінцам (7 тыс. заяваў і 3,9 тыс. ухваленых рашэнняў), але апярэдзіўшы расіян (1 тыс. заяваў, 660 грамадзян атрымалі адмову).

З 2021 года больш за 240 тыс. грамадзян Беларусі падалося на атрыманне дазволу на знаходжанне ў Польшчы, паведаміў напрыканцы мінулага года “Позірку” намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, спасылаючыся на даныя, атрыманыя ў МУС краіны.

З іх на той момант больш за 140 тыс. мела сапраўдны дакумент, які дае права знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

Згодна з атрыманай інфармацыяй, назіраецца рэзкі прыток беларусаў у Польшчу, пачынаючы з 2020 года. Іх колькасць на канец лістапада 2024 года ў параўнанні з 2019-м павялічылася больш як у пяць разоў, што з’яўляецца “яркім сведчаннем ненатуральнай міграцыі”, сказаў тады кіраўнік НАУ. “Адпаведныя даныя з’яўляюцца ўскосным пацвярджэннем таго, што людзі пакідаюць Беларусь не па сваёй волі. Сёння беларусы з’яўляюцца другой паводле колькасці групай замежнікаў у Польшчы”, — заявіў ён.

Пераважны тып дазволаў для грамадзян Беларусі — часовы дазвол на жыхарства, выдадзена больш за 86 тыс. такіх дазволаў, удакладніў экс-дыпламат.

Паводле наяўным даных, з 10 жніўня 2020 па 30 лістапада 2024 Польшча выдала беларусам каля 54 тыс. віз тыпаў C (шэнгенская) і D (нацыянальная), а таксама амаль 172 тыс. віз у рамках праграмы Polish Business Harbour (прыпыненая ў студзені 2024 года).

Падзяліцца: