Мінск 02:12

Сабраныя сродкі на базавыя патрэбы для вывезенага ў Літву экс-палітвязня Кірыла Балахонава

Кірыл Балахонаў (крайні злева) на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе пасля вызвалення
Фота: “Позірк”

14 ліпеня, Позірк. На сайце фонду салідарнасці BySol сабраныя сродкі на базавыя патрэбы для 21-гадовага былога палітвязня Кірыла Балахонава.

Збор працягнецца яшчэ 47 дзён, цяпер на рахунку 3.117 еўра з заяўленых 3.100.

Ураджэнец горада Буда-Кашалёва (Гомельская вобласць) Балахонаў вучыўся ў Гомельскім машынабудаўнічым каледжы, калі ўступіў у антываенную тэлеграм-групу “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта”, дзе яе ўдзельнікі абменьваліся інфармацыяй аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі, пісалі антываенныя паведамленні.

1 лістапада 2022 года МУС прызнала групу “экстрэмісцкім фарміраваннем”, праз тыдзень 18-гадовага на той момант Балахонава затрымалі. Ён быў асуджаны на 3,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 3611 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

“Я трапіў у ПК № 1 (Наваполацк, Віцебская вобласць). Пра тыя ўмовы складана расказаць без дрыжыкаў. Цябе там не збіваюць наўпрост, але кожны дзень ператвараецца ў выпрабаванне. Ціск, прыніжэнні, пастаянны страх і адзінота. Лісты даходзілі не заўсёды. Часам проста хацелася праваліцца скрозь зямлю. У жніўні 2023 года мяне прызналі палітвязнем. А 21 чэрвеня 2025 года мяне нечакана вызвалілі. Гэта было пасля візіту спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША. Мяне і яшчэ некалькіх чалавек, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, адразу вывезлі ў Літву. Я апынуўся ў іншай краіне, на волі, але з адным пашпартам, без грошай, без рэчаў, без паняцця, што рабіць далей”, — адзначае экс-палітвязень у суправаджальным паведамленні да збору сродкаў.

Ён падкрэслівае, што грошы яму патрэбныя на базавыя патрэбы, каб “пратрымацца і не праваліцца ў галечу ў першы ж месяц на волі”.

Раней за дзевяць гадзін на сайце BySol былі сабраныя сродкі для былой палітзняволенай, экс-выкладчыцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталлі Дулінай.

Менш чым за суткі была сабраная неабходная сума для 64-гадовага былога палітвязня, біёлага Сяргея Шэлега.

Дуліна, Шэлег і Балахонаў былі вывезеныя ў Літву ў складзе групы з 14 зняволеных, вызваленых у дзень візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне Кіта Келага. У групу былі ўключаныя муж дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі, былы карэспандэнт рускай і беларускай службы амерыканскай радыёстанцыі “Свабода” Ігар Карней і інш.

Падзяліцца: