Мінск 00:01

Лукашэнка, які забараніў у 2022 годзе рост цэн, заявіў, што іх рэгуляванне “немагчымае ў гэтым хаосе”

Ілюстрацыйнае фота: tut.by

14 ліпеня, Позірк. За “свавольствы з цэнаўтварэннем” раскрытыкаваў урад Аляксандр Лукашэнка 14 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Беглавым.

Паводле слоў Лукашэнкі, якога цытуе яго прэс-служба, згаданыя “свавольствы” пачаліся “са змяненнем урада пасля выбараў”.

“Я гэта бачу. Мне людзі пішуць кожны дзень. А прэс-служба аналізуе гэта і ўсё мне на стол. Так што рыхтуйцеся, будзеце дакладваць мне па цане справядлівасці”, — заявіў прамоўца.

“Гляджу, і вы ўжо не толькі на бульбу, але і ў цэлым на баршчавы набор спрабуеце цэны адрэгуляваць. Хоць нас крытыкавалі ў мінулым годзе, што мы рэгулюем цэны. Мы нічога не рэгулявалі. Мы проста хацелі ўстанавіць правілы. Як я галоўнаму нашаму цэнавіку (верагодна, маецца на ўвазе першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. — “Позірк”.) кажу, не трэба нічога рэгуляваць, мы не ўмеем гэта рабіць, і гэта немагчыма цяпер у гэтым хаосе. Трэба цану справядлівасці ўстанавіць”, — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго сцвярджэння, у Беларусі прымаюцца меры, каб цэнаўтварэнне было “справядлівым і задавальняла ўсіх па ланцужку, уключаючы вытворцаў, перапрацоўшчыкаў, гандаль і спажыўцоў”.

6 кастрычніка 2022 года Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзенае рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змены.

Пастанова № 713 (6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку” — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “грунтавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

18 кастрычніка 2024 года Аляксей Багданаў, які займаў на той момант пасаду міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (14 студзеня 2025-га прызначаны амбасадарам у Казахстане), паведаміў, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”.

31 кастрычніка Снапкоў заявіў, што Савет міністраў працуе над ліквідацыяй негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанова № 713.

10 чэрвеня прэс-служба МАРГ паведаміла, што з пачатку 2025 года парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні выяўленыя больш чым у ста суб’ектаў гаспадарання. Паводле інфармацыі ведамства, агульная сума штрафаў склала звыш 250 тыс. рублёў

Спажывецкія цэны ў чэрвені 2025 года выраслі на 0,9%. Харчовыя тавары падаражэлі на 1,7%, нехарчовыя — на 0,04%, паслугі — на 0,5%.

У параўнанні са снежнем 2024 года цэны выраслі на 5,4%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 7,2%, нехарчовыя — на 2,4%, паслугі — на 5,9%.

У 2025 годзе ўлады разлічваюць утрымаць інфляцыю ў межах 5%.

Падзяліцца: