У Грузіі затрыманы грамадзянін Беларусі, які прыйшоў падаць заяву на прытулак

14 ліпеня, Позірк. Грамадзянін Беларусі затрыманы 14 ліпеня на выхадзе з Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі, паведаміў “Позірку“ брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў гэтай краіне.
“Цэлы дзень стаялі на спякоце, каб падаць заяву (у Тбілісі цяпер да 37 градусаў вышэй за нуль. — “Позірк”.). Цень — вузкая паласа ўздоўж плота, месца па паху, нібыта грамадскі туалет. У 16.35 (15.35 паводле мінскага часу. — “Позірк”.) усё ж такі чарга падышла, і ён зайшоў. Загадзя падрыхтаваную заяву прынялі. Праз некаторы час заяву вярнулі назад і сказалі, што сёння не паспеюць яго прыняць, хай прыходзіць заўтра. На выхадзе яго затрымалі”, — сказаў Кісляк.
Паводле яго слоў, малады чалавек не абнуліў кароткачасовым выездам тэрмін знаходжання ў Грузіі — не больш за 365 дзён запар, у яго быў пратэрмінаваны пашпарт, які праз указ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года нельга замяніць па-за межамі Беларусі. “Але форму звароту з грамадзянінам расцэньваю як адмову ў прыняцці заявы на прытулак і адвольнае затрыманне“, — падкрэсліў праваабаронца.
Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў аб наданні прытулку. Кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі. Абраны аднапартыйным (апазіцыя адмовілася ўвайсці) парламентам прэзідэнт Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў таго з “перавыбраннем”. Метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.
Сам Кісляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. Цягам 30 дзён ён абавязаны пакінуць Грузію. “Але як бы куды выязджаць, калі пашпарт скончыўся. У гэтай сітуацыі ў мяне адна дарога — у Беларусь. Тут шмат пытанняў“, — заявіў “Позірку” праваабаронца.
Кісляк мае намер абскардзіць рашэнне мясцовых уладаў у структурах ААН.
У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасць паступова памяншаецца.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 12–14 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка