Мінск 16:51

Восем банкаў абвясцілі аб новаўвядзеннях у працы з кліентамі

Фота: старонка "Альфа-Банка" ў "Фэйсбуку"

13 ліпеня, Позірк. Восем банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі аб змене асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

Альфа Банк у Беларусі пачаў аказваць паслугу па замене зношаных, пашкоджаных, але захаваўшых прыкметы плацежнасці банкнот (долары і еўра), сапраўднасць якіх не выклікае сумнення, на аналагічныя непашкоджаныя купюры.

“Банк БелВЭБ” змяніў тарыф на прадастаўленне выпісак на паперы па бягучых і іншых банкаўскіх рахунках (акрамя бягучага рахунку з базавымі ўмовамі абслугоўвання) і ўкладах, за выключэннем выпісак за бягучы і (або) папярэдні каляндарныя месяцы ад даты звароту кліента. Цана — 20 рублёў за адну выпіску.

Банк ВТБ (Беларусь) для набыцця беларускіх тавараў павялічыў да 30 тыс. рублёў максімальную суму па экспрэс-крэдыце “На роднае”, а тэрмін крэдытавання — да 60 месяцаў.

“Белгазпрамбанк” павялічыў ліміт максімальнай сумы выдачы наяўных у сваіх банкаматах з картак, эмітаваных банкамі-нерэзідэнтамі. Цяпер на працягу 30 сутак можна зняць 600 долараў альбо эквівалент у іншай валюце.

“БНБ-Банк” увёў ліміт на колькасць карт. Цяпер кліент можа аформіць на сябе да дзесяці лічбавых і дзесяці пластыкавых картак (уключаючы Instant). У банку лічаць, што гэта дазволіць “яшчэ зручней і бяспечней кіраваць сваімі фінансамі”.

“Прыёрбанк” прапануе аформіць крэдыт “Проста пакупкі” на набыццё тавараў беларускай вытворчасці. Мінімальная стаўка — ад 11,9% гадавых, максімальная сума — да 75 тыс. рублёў, тэрмін — да 7 гадоў.

Сбер Банк (Беларусь) па 17 ліпеня прыпыніў аперацыі куплі-продажу інвестыцыйных манет з каштоўных металаў, манет Нацыянальнага банка, каштоўных металаў у выглядзе мерных зліткаў.

Тэхнабанк у рамках праграмы лаяльнасці “Космас” увёў картку Global Card, трымальнікі якой змогуць “атрымліваць дадатковыя бонусы”. Для разліковых аперацый унутры краіны: 1% — ад сумы разліковых аперацый да моманту, пакуль агульная сума разліковых аперацый за месяц складае ад 15 да 5 тыс. рублёў; 0,5% — ад сумы разліковых аперацый пасля таго, як месячная сума перавысіла 5 тыс. рублёў. Для разліковых аперацый за мяжой: 0,5% ад сумы разліковых аперацый да моманту, пакуль месячная сума складае ад 20 да 5 тыс. рублёў; 0,2% — ад сумы разліковых аперацый пасля таго, як месячная сума перавысіла 5 тыс. рублёў.

На 1 чэрвеня 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 10 млрд 360,5 млн рублёў (+2,5% за месяц і +13% у гадавым вымярэнні).

Прыбытак банкаў, якія працуюць у Беларусі, на 1 чэрвеня 2025 года склаў 1 млрд 787,5 млн рублёў — на 56,6% больш, чым месяцам раней (1 млрд 141,1 млн), і на 27,9% больш, чым на аналагічную дату 2024-га (1 млрд 397,1 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак Нацыянальнага банка.

Падзяліцца: