Мінск 19:23

За першую палову 2025 года МАЗ прадаў на рынку РФ у 2,2 раза менш аўтобусаў, чым за той жа леташні перыяд

Ілюстрацыйнае фота: сайт адміністрацыі Санкт-Пецярбурга

12 ліпеня, Позірк. У чэрвені 2025 года на расійскім рынку рэалізавана 15 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — на 7,1% больш, чым годам раней (14), сведчаць прааналізаваныя “Позіркам” даныя агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

Больш за ўсё аўтобусаў у мінулым месяцы паставілі ПАЗ (РФ) — 291 (-34%), Yutong (Кітай) — 77 (-67,1%) і “НефАЗ” (РФ) — 48 (-62,2%).

За студзень — чэрвень гэтага года на рынку РФ рэалізавана 132 аўтобусы МАЗ (294; зніжэнне ў 2,2 раза).

Агулам за 2024 год МАЗ рэалізаваў у РФ 504 адзінкі гэтай тэхнікі (у 2023-м — 925; -45,5%) — 9-е месца (доля 2,6%).

Лідарамі продажаў летась былі ПАЗы (8.114; +26,3%), ЛіАЗы (2.889; +63,2%) і Yutong (2.215; +6,2%).

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзеленыя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш як 30% патрабаваных аб’ёмаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як ў цане, так і ў якасці”.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху РФ і Беларусі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні такі выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Іркуцку 5 ліпеня. Да гэтага аўтобусы гарэлі 14 траўня — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгарання пасажырскага транспарту ў Пецярбургу палягае ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка 2024 года намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.

12 студзеня 2025 года расійскае інтэрнэт-СМІ “Фантанка” апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком камітэта па транспарце мэрыі Санкт-Пецярбурга Валянцінам Енакаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што “пасля першых інцыдэнтаў з узгараннямі” МАЗу “было дадзенае даручэнне” з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга. Чыноўнік сцвярджаў, што беларускае прадпрыемства вырашыла праблему.

Падзяліцца: