Мінск і Масква плануюць стварыць свой ШІ, верагодна, для ўзмацнення інфармацыйнага кантролю ў Саюзнай дзяржаве — ISW

12 ліпеня, Позірк. Прадстаўнікі ўладаў Расіі і Беларусі “плануюць распрацаваць навучанага ўнутры нацыянальных сістэм бота са штучным інтэлектам, верагодна, для таго, каб узмацніць кантроль над інфармацыйнай прасторай у Саюзнай дзяржаве”, такое меркаванне выказана ў новай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Так аналітыкі ISW адрэагавалі на заяву дзяржаўнага сакратара СД Сяргея Глазьева 11 ліпеня на міжнароднай канферэнцыі “Час Саюзнай дзяржавы: культурная і інфармацыйная прастора” ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”.
Кіраўнік сакратарыята інтэграцыйнай адукацыі паведаміў, што ў Саюзнай дзяржаве “стаіць задача распрацоўкі ўласнага ШІ”, заснаванага на “традыцыйных каштоўнасцях”, якому “можна было б давяраць, абапірацца на яго, атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю”.
“Цяпер наша моладзь карыстаецца ў асноўным замежнымі чатамі ШІ — амерыканскімі, кітайскімі. Яны адрозніваюцца, — сказаў ён (тут і далей цытаты па дзяржСМІ). — Не ўсе разумеюць, што, давяраючыся ШІ, мы шмат у чым аддаем сваю свядомасць для маніпуляцыі. Я ведаю людзей, якія проста жывуць са штучным інтэлектам, робяць свае артыкулы, манаграфіі, абапіраючыся цалкам на дапамогу ШІ”.
“Аднак апошнія прыклады глыбокага тэставання ШІ заходняга тыпу паказалі, што адзін са знакамітых чатаў уваліўся ў расізм, нацызм і ўслаўленне фашызму. Так што трэба вельмі асцярожна ставіцца да таго, якія каштоўнасці закладваюцца ўнутр ШІ, гэта не адразу відаць”, — заявіў Глазьеў.
Сяргей Глазьеў узначаліў сакратарыят Саюзнай дзяржавы сёлета ў красавіку. Чыноўнік нарадзіўся на ўкраінскай зямлі — у Запарожжы — у 1961 годзе, аднак атрымаў вядомасць як расійскі эканаміст і палітык. Былы міністр знешнеэканамічных сувязей Расіі. У 2004 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты РФ, у 2012–2019 гадах — дарадцам прэзідэнта РФ па каардынацыі органаў улады ў плане развіцця еўразійскай інтэграцыі.
У апублікаваным у 2024 годзе артыкуле Глазьеў адзначаў, што “перад Расіяй стаяць мэты, якія сапраўды ўражваюць, — адраджэнне імперыі, стварэнне новага цэнтра прыцягнення ў геапалітыцы, здольнага супрацьстаяць так званай “амерыканскай мары”.
“На першым этапе павінна адбыцца аднаўленне імперыі хаця б у межах былога СССР. Пасля завяршэння СВА (так у РФ называюць ваенную агрэсію супраць Украіны. — “Позірк“.) і ўваходжання і тэрыторый былой Украіны ў Расійскую дзяржаву аўтаматычна ўвальецца і Беларусь як адна з складнікаў трыадзінай славянскай нацыі. Далей наступіць чарга Казахстана, іншых азіяцкіх рэспублік, дзяржаў Каўказа і, нарэшце, Прыбалтыкі. Аднак, гэта толькі пачатак працэсу і доўгага цярністага шляху па стварэнні новай звышдзяржавы”, — пісаў ён.
ISW разглядае ўсё, што адбываецца на ўзроўні Саюзнай дзяржавы, як працэсы планамернага паглынання Беларусі Расіяй. Напрыклад, пасля падпісання дагавора аб гарантыях бяспекі на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД 6 снежня 2024 года ў Мінску аналітыкі заявілі, што Крэмль працягвае выконваць стратэгічную задачу па фактычнай анэксіі Беларусі і пашырэнні вайсковай прысутнасці на яе тэрыторыі праз Саюзную дзяржаву.
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы за год падаражэлі на 9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаЕЭК: У Беларусі, Казахстане і Расіі ў траўні вырасла афіцыйнае беспрацоўеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь у траўні была на другім месцы ў ЕАЭС паводле падаражэння прампрадукцыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства