Мінск 15:09

Базавая інфляцыя ў чэрвені склала 7,4% — Нацбанк

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандр Кулеўскі / sb.by

11 ліпеня, Позірк. Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта мяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у чэрвені 2025 года склала 7,4% (тут і далей у гадавым выражэнні), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцый.

У траўні гэты паказчык быў роўны 7,1%, красавіку — 6,6%.

Рост цэн на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у мінулым месяцы склаў 17,6% (+14,4% і +6,8% адпаведна).

Рост рэгуляваных дзяржавай цэн і тарыфаў запаволіўся да 5,7% (+6,1%, +6,2%).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, вычышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) вырас на 6,1% (+5,8% і +5,5%).

Як паведамляў “Позірк”, спажывецкія цэны ў чэрвені 2025 года выраслі на 0,9%, у параўнанні са снежнем 2024 года — на 5,4%, з чэрвенем 2024-га — на 7,3%.

Старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык на брыфінгу 25 чэрвеня адзначыў, што інфляцыя ў Беларусі “пачынае тэставаць гранічныя ўзроўні, якія ўлады краіны гатовыя дапусціць для кароткатэрміновага стымулявання росту ВУП праз залішне мяккую эканамічную палітыку — 7–9% у гадавым вылічэнні па выніках 2025 года”, сказаў Харытончык.

Пры гэтым, адзначыў ён, базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта мяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) упершыню стала двухзначнай, і ў траўні дасягнула 10,5% у месячным вылічэнні, а нябазавая — прыкладна 13,6%.

Гэты факт эканаміст звязаў з паскарэннем росту цэн на плодаагароднінную прадукцыю і ў цэлым на прадукты харчавання, якія ў траўні падаражэлі амаль на 19% у параўнанні з красавіком. Паводле прагнозаў прадстаўніка BEROC, у летнія месяцы прырост спажывецкіх цэн у гадавым вылічэнні складзе 7–8% (у траўні быў 7,1%).

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады пра цэнавую сітуацыю ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаны некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змяненні.

Пастанова № 713(6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падпадаюць пад цэнавае рэгуляванне — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку” — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “базавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

18 кастрычніка 2024 года Аляксей Багданаў, які на той момант займаў пасаду міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (14 студзеня 2025-га прызначаны амбасадарам у Казахстане), паведаміў, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”.

31 кастрычніка першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Савет міністраў працуе над устараненнем негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанова № 713.

Беларусь з паказчыкам 5,16% заняла сёмае месца паводле росту спажывецкіх цэн у 2024 годзе на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных нацыянальных органаў статыстыкі.

МАРГ пастановай № 4 ад 27 студзеня вызначыла паказчыкі штомесячнага (з нарастаннем) дапушчальнага павелічэння цэн: у студзені цэны не павінны былі вырасці больш, чым на 0,7% (па факце — +0,7%), па выніках студзеня — лютага — на 1,9% (2%), студзеня — сакавіка — на 2,2% (+2,8%), студзеня — красавіка — на 2,7% (+3,8%), студзеня — траўня — на 3% (+4,5%), студзеня — чэрвеня — 3,3%.

Далей: студзеня — ліпеня і студзеня — жніўня — 3,4%, студзеня — верасня — 3,7%, студзеня — кастрычніка — 4,1%, студзеня — лістапада — 4,4%, студзеня — снежня — 5%.

Падзяліцца: