Мінск 10:04

У парламент унесены законапраект аб адказнасці за прапаганду гомасексуальных адносін, бяздзетнасці, змены полу

Фота: ПП НС

10 ліпеня, Позірк. Праект закона “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці”, які прадугледжвае ўвядзенне адказнасці за прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі, унесены ўрадам у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС).

Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП), згодна з законапраектам, прапануецца дапоўніць артыкулам 19.16 (прапаганда гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі).

У адпаведнасці з гэтым артыкулам, “распаўсюджванне ў любой форме інфармацыі ў мэтах фарміравання ў грамадзян уяўленняў аб прывабнасці гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці або аб прызнанні педафіліі дапушчальнай” пацягне накладанне штрафу на фізічную асобу ў памеры да 20 базавых велічынь (на сёння 840 рублёў), на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 б.в. (4.200), на юрыдычную асобу — ад 100 да 150 б.в. (4.200–6.300).

Пры гэтым “дзеянне, прадугледжанае часткай першай гэтага артыкула, якое пацягнула азнаямленне непаўналетняга з такой інфармацыяй”, пацягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 30 базавых велічынь (840–1.260 рублёў) або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт; для індывідуальнага прадпрымальніка — ад 100 да 150 б.в., на юрыдычную асобу — ад 150 да 200 б.у. (6.300–8.400).

З 1 студзеня 2025 года памер базавай велічыні складае 42 рублі, гэты паказчык змяняецца штогод.

Аб’яднанне BelPol 19 лютага мінулага года паведамляла, што Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях плануецца дапоўніць артыкуламі 19.14 (прапаганда гомасексуальных адносін альбо змены полу) і 19.16 (прапаганда бяздзетнасці).

Генеральны пракурор Андрэй Швед 9 лютага 2024-га на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі паведаміў, што “па ініцыятыве органаў пракуратуры” падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду “нетрадыцыйных сямейных адносін”.

У лістападзе мінулага года Швед паведамляў, што ў Беларусі можа быць уведзена псіхалагічнае тэставанне педагогаў на прадмет выяўлення схільнасці да здзяйснення палавых злачынстваў у дачыненні да дзяцей.

Падзяліцца: