Мінск 05:23

Беларусь застаецца найбуйнейшым пакупніком польскіх яблыкаў за межамі ЕС

10 ліпеня, Позірк. Беларусь застаецца найбуйнейшым імпарцёрам польскіх яблыкаў сярод краін, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі саюз, вынікае са звестак Польскага Інстытута садаводства і інспекцыі за чэрвень 2025 года.

Пра гэта паведамляе спецыялізаваны партал sad24.pl.

Як паведамляў “Позірк, такая ж карціна назіралася, у прыватнасці, па выніках красавіка, даных за травень згаданы польскі сайт не прыводзіў.

Паводле звестак польскага боку, у чэрвені ў Беларусь было пастаўлена 3.982 тоны яблыкаў, далей ідуць Украіна (3.129), Казахстан (2.511), Егіпет (588) і Кыргызстан (161).

Адзначаецца, што ў чэрвені 2024 года асноўным імпарцёрам польскіх яблыкаў за межы ЕС быў Казахстан, а агульны аб’ём іх экспарту ў краіны па-за Еўрасаюзам за год упаў з 19 да 13 тыс. тон.

28 траўня Аляксандр Лукашэнка падчас дакладу кіраўніка Брэсцкай вобласці Пятра Пархомчыка заявіў, што 2025 год “па яблыку, напэўна, будзе не вельмі ўраджайным”.

“Яблык будзе, але не столькі, колькі мы хацелі, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба. — Ужо сёння трэба думаць. Ва ўрадзе я даручаў. Калі трэба будзе закупіць, дзе будзем закупляць яблык? Для таго, каб і пакласці яго на захоўванне і закупіць, можа быць, у міжсезонне”.

27 траўня ўрад зняў забарону на ўвоз у Беларусь з “недружалюбных краін” бульбы, рэпчатай цыбулі, белакачаннай капусты і яблыкаў.

Падзяліцца: