Мінск 05:20

“Банкаўскі працэсінгавы цэнтр” ліквідаваў тэхнічны збой

10 ліпеня, Позірк. Аб ліквідацыі тэхнічнага збою паведаміла ААТ “Банкаўскі працэсінгавы цэнтр” 10 ліпеня ў 3:40.

“Паведамляем, што тэхнічны збой, які ўзнік 9 ліпеня 2025 года ў апаратна-праграмным комплексе, быў паспяхова ліквідаваны, — гаворыцца ў тэлеграм-канале арганізацыі. — Усе балансы па картках ААТ “ААБ Беларусбанк”, ААТ “Белаграпрамбанк” і ААТ “Белінвестбанк” прыведзеныя ў актуальны стан. Аперацыі з выкарыстаннем картак ажыццяўляюцца ў штатным рэжыме”.

Праблема ўзнікла 9 ліпеня каля 9:00. Збой у апаратна-праграмным комплексе прывёў да таго, што на карт-рахунках згаданых банкаў сталі адлюстроўвацца адмоўныя балансы.

“Банкаўскі працэсінгавы цэнтр” тройчы абяцаў выправіць сітуацыю да пэўнага часу — да 14:00, 17:00, 22:00 гадзін. Чацвёрты раз такое абяцанне было дадзена без указання тэрмінаў вырашэння праблемы.

Падзяліцца: