Мінск 02:46

Вярхоўны суд прызнаў Аб’яднаны пераходны кабінет “тэрарыстычнай арганізацыяй”

Крыніца: старонка АПК у "Фэйсбуку"

9 ліпеня, Позірк. Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК), які ўзначальвае беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, разам з “структурнымі падраздзяленнямі, якія уваходзяць у яго склад”, прызнаны ў Беларусі “тэрарыстычнай арганізацыяй”, яго дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая.

Такое рашэнне 9 ліпеня прыняў Вярхоўны суд. Адпаведную заяву ў ВС падаваў генеральны пракурор Андрэй Швед, паведаміла прэс-служба нагляднага органа.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, “прадстаўленыя суду доказы дазволілі зрабіць выснову пра наяўнасць у дзеяннях арганізатараў і актыўных удзельнікаў так званага Кабінета элементаў тэрарыстычнай дзейнасці”. Сцвярджаецца, што “шэраг членаў фарміравання непасрэдна ўдзельнічаў у арганізацыі на тэрыторыі Беларусі актаў тэрарызму”.

Наглядны орган заявіў, што гэтыя абставіны “пацвярджаюцца матэрыяламі крымінальных спраў, у тым ліку аб распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, здзяйсненні шматлікіх іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, па якіх судамі вынесеныя абвінаваўчыя выракі”.

Генпракуратура падкрэсліла, што “любы ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, яе фінансаванне або садзейнічанне такой дзейнасці, напрыклад, праз вярбоўку новых членаў, навучанне або падрыхтоўку асоб у гэтых мэтах, прыводзяць да наступлення крымінальнай адказнасці”.

Пра тое, што Швед накіраваў у ВС заяву аб прызнанні АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй”, 30 красавіка паведаміў афіцыйны прадстаўнік нагляднага органа Дзмітрый Брылёў.

Ініцыятарам выступіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

На думку Генпракуратуры, якую прадставіў Брылёў, АПК быў створаны з мэтай “захопу і ўтрымання дзяржаўнай улады незаконным шляхам”, яго дзейнасць нібыта “курыруецца і фінансуецца шэрагам суседніх замежных дзяржаў, іх спецыяльнымі і выведвальнымі службамі”.

Асноўнымі мэтамі АПК прадстаўнік Генпракуратуры назваў “планаванне, падрыхтоўку і здзяйсненне замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і грамадскую бяспеку Беларусі”. “Для гэтага прызнаюцца дапушчальнымі тэрарыстычныя акты, дыверсіі, захоп заложнікаў, будынкаў і збудаванняў, здзяйсненне незаконных дзеянняў у дачыненні да зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”, — заявіў Брылёў.

Ён адзначыў шчыльную сувязь АПК з палком Каліноўскага, для якога арганізуецца збор сродкаў на закупку боепрыпасаў, а таксама аб’яднаннем былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol, якія раней былі прызнаныя “тэрарыстычнымі фарміраваннямі”.

“Дзеля дасягнення заяўленых мэт ствараюцца і фінансуюцца тэрарыстычныя арганізацыі, вярбуюцца грамадзяне, якія негатыўна ставяцца да вайскова-палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, — сказаў прадстаўнік Генпракуратуры. — Вядзецца адпаведная інфармацыйная праца. У прыватнасці, для падтрымкі экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, уключэння ў яе новых сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. Злачынныя дзеянні членаў кабінета пацвярджаюцца матэрыяламі крымінальных спраў аб распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, актах тэрарызму, змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, а таксама аб здзяйсненні шматлікіх іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў”.

У той жа дзень, 30 красавіка, Ціханоўская заявіла, што АПК “працягне працу па ўсіх напрамках: нацыянальная бяспека, сацыяльная дапамога, культурнае адраджэнне, моладзевая палітыка, міжнародныя справы і падрыхтоўка транзіту ўлады”.

“Мы працуем у інтарэсах беларусаў, і пагрозы рэжыму не спыняць нашу дзейнасць”, — падкрэсліла яна ў відэазвароце наконт гэтага.

Намер прызнаць АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй” дэмакратычны лідар тады назвала “яшчэ адной дэманстрацыяй бездапаможнасці лукашэнкаўскага рэжыму”. “Рэжым, які адказны за злачынствы супраць уласнага народа і за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны, спрабуе перавярнуць усё з ног на галаву, — сказала Ціханоўская. — Яны чапляюць цэтлікі экстрэмістаў і тэрарыстаў на людзей, якія клапоцяцца і змагаюцца за інтарэсы беларускага народа. Для іх “тэрарысты” — гэта ўсе, хто супрацьстаіць беззаконню, дапамагае рэпрэсаваным, распаўсюджвае праўду”.

АПК быў створаны, каб “абараняць незалежнасць Беларусі, дамагацца вызвалення палітвязняў, падтрымліваць рэпрэсаваных і рыхтаваць мірны пераход улады да дэмакратыі”, падкрэсліла дэмлідар. “Мы змагаемся не зброяй, а праўдай, салідарнасцю і міжнароднай падтрымкай”, — дадала яна.

Пра працяг працы АПК у каментарыі “Позірку” таксама заявіў намеснік Ціханоўскай Павел Латушка.

9 жніўня 2022 года ў Вільнюсе на канферэнцыі “Новая Беларусь” дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская абвясціла пра стварэнне АПК і прызначыла яго першых прадстаўнікоў.

Задачамі кабінета яна назвала “абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, прадстаўленне нацыянальных інтарэсаў, ажыццяўленне фактычнай дэакупацыі краіны”.

Паводле слоў дэмлідара, АПК трэба “распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненні незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў”, у выніку чаго “павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні”.

Беларускія ўлады ў мэтах барацьбы з апанентамі рэгулярна прызнаюць “тэрарыстамі” грамадзян і арганізацыі.

Падзяліцца: