Мінск 13:16

Еўракамісар Кос: Прагрэс у Беларусі будзе вымярацца не толькі памілаваннямі, але і поўным дэмантажом сістэмы рэпрэсій

Еўракамісар Марта Кос
Відэа: мультымедыйны цэнтр Еўрапарламента / стоп-кадр: "Позірк"

9 ліпеня, Позірк. Адсвяткаваць вызваленне Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў, заявіць пра неабходнасці іх поўнай рэабілітацыі і бяспечнага вяртання дадому заклікала дэпутатаў Еўрапейскага парламента (ЕП) 8 ліпеня камісар па пытаннях пашырэння Еўрасаюза Марта Кос.

У сваім выступе на пленарным паседжанні ЕП у Страсбургу, на якім абмяркоўвалася пытанне беларускіх палітвязняў, еўракамісар выказала меркаванне, што “сапраўдны прагрэс у Беларусі будзе вымярацца не толькі памілаваннямі, але і поўным дэмантажом сістэмы рэпрэсій”.

“Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць усе палітычныя пераследы, правесці значныя рэформы, прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў. Давайце працягнем выступаць за свабоду, справядлівасць і вяршэнства закона ў Беларусі да тае пары, пакуль усе палітычныя зняволеныя не будуць вызваленыя”, — сказала Кос.

На пасяджэнні выступілі дэпутаты ЕП, якія прадстаўляюць розныя фракцыі (акрамя правых), з Аўстрыі, Германіі, Даніі, Італіі, Літвы, Польшчы і Славакіі.

Усе гэтыя парламентарыі заклікалі неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх беларускіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі.

Акрамя таго, гучалі заклікі працягнуць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і прыцягнуць яго да адказнасці за рэпрэсіі і падтрымку вайны ва Украіне, падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ.

Еўрадэпутат ад Літвы Дайнюс Жалімас заклікаў ЕС падрыхтаваць афіцыйную справаздачу пра смерці палітвязняў і пакараць “усіх саўдзельнікаў рэжыму Лукашэнкі”.

Польскі еўрапарламентарый Анджэй Галіцкі таксама запатрабаваў вызваліць “беларуска-польскага журналіста Анджэя Пачобута”.

Фармат дыскусіі не прадугледжваў прыняцця якой-небудзь рэзалюцыі ЕП па Беларусі.

На 9 ліпеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.152 чалавекі, аднак людзей, якія пацярпелі ў Беларусі ад рэпрэсій у той ці іншай форме, нашмат больш.

Падзяліцца: