За парушэнні ПДР з Беларусі выдварана яшчэ некалькіх замежнікаў

8 ліпеня, Позірк. Пра выдварэнне трох замежных грамадзян паведамляе ўпраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама.
26-гадовы грамадзянін “адной з краін Балтыі” дэпартаваны за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.
Адзначаецца, што ў траўні мужчыну спынілі за рулём аўтамабіля “Хонда” ў Брэсце. “Спачатку ён адмаўляўся выходзіць з аўто, а падчас затрымання аказаў міліцыянерам актыўны супраціў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Замежнік, як заяўляецца, меў “прыкметы ап’янення”, ад медыцынскага абследавання адмовіўся, вадзіцельскага пасведчання пры сабе не меў.
Пасля затрымання на яго склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы. “Аўтамабіль змешчаны на ахоўную стаянку, фігурант адпраўлены ў ІЧУ, а пасля высланы з тэрыторыі Беларусі”, — паведамляе УУС.
Таксама быў аштрафаваны і выдвараны “грамадзянін адной з краін ЕС”, які здзейсніў ДТЗ у нецвярозым стане на аўтамабілі “Аўдзі А6”. “У густанаселеным мікрараёне Брэста” ён “выскачыў на броўку, пратараніў некалькі аўтамабіляў”.
Высланы з Беларусі грамадзянін Туркменістана, які, як адзначаецца, быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху “паводле двух складаў КаАП” — “язда без права на кіраванне і стварэнне аварыйнай абстаноўкі”. Вадзіцельскага пасведчання мужчына не меў.
“Адсутнасць сапраўднага пасведчання кіроўцы, “п’яны руль” і стварэнне аварыйнай абстаноўкі — навідавоку ўсе тры ключавыя фактары, паводле якіх найчасцей прыцягваюць да адказнасці кіроўцаў-замежнікаў, што маюць месца пастаяннага пражывання ці від на жыхарства ў Брэсце”, — адзначыў начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага РУУС Брэста Дзмітрый Лыганоўскі.
Паводле яго слоў, за вышэйзгаданыя парушэнні ў дачыненні да замежнікаў “сур’ёзныя захады па выдварэнні з краіны прымаюцца з першага разу”.
Пры гэтым у якасці “рэдкага выключэння” ў рэлізе прыводзіцца прыклад “73-гадовага пенсіянера, грамадзяніна суседняй краіны” (якой менавіта, не ўдакладняецца. — “Позірк”.), які, “выязджаючы ў стане лёгкага ап’янення з дачнага ўчастка на аўтамабілі “Опель Зафіра”, здзейсніў сутыкненне з стаячым вялікагрузам”.
“Органам, які прымаў рашэнне, былі ўлічаныя ўсе абставіны і накладзены штраф, для сплаты якога давялося прадаць “Опель”. Іншых машын у пенсіянера няма”, — адзначаецца ў паведамленні.
19 чэрвеня стала вядома, што з Беларусі прымусова выдвараюць затрыманага за язду ў нецвярозым стане грамадзяніна Кот-д’Івуара, яго паказальна судзілі.
21 траўня паведамлялася пра выдварэнне грамадзяніна Туркменістана які здзейсніў “парушэнне ў частцы выканання правілаў дарожнага руху”. Працэдура “азнаямлення” туркменскага грамадзяніна з прынятым рашэннем была праведзеная супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС Брэста “публічна ў сценах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна”.
19 траўня стала вядома пра выдварэнне з Беларусі двух студэнтаў з Марока, якія зладзілі бойку ў Гомелі. У дачыненні да іх таксама былі праведзеныя працэдуры “публічных высылак <…> па месцах вучобы, а таксама ў тэрытарыяльным падраздзяленні міліцыі”.
Паказальныя разбіральніцтвы ў дачыненні да замежнікаў улады праводзяць на фоне абвешчанага намеру прыцягваць у краіну працоўных мігрантаў.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 8 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа першае паўгоддзе фізасобы прадалі наяўнай валюты на 1,23 млрд долараў больш, чым набылі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка