Генпракурор Швед анансаваў чарговы судовы працэс над памерлым ваенным злачынцам
8 ліпеня, Позірк. Крымінальная справа “ў дачыненні да карніка 118-га карнага батальёна” Іосіфа Вінніцкага “ў бліжэйшыя паўтара-два месяцы” будзе перададзена ў суд, паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед.
На відэа, апублікаваным 8 ліпеня прэс-службай нагляднага ведамства, Швед заяўляе, што да канца 2025 года ў Вярхоўны суд “для разгляду пытання аб падсуднасці” накіруюць “не менш за тры крымінальныя справы ў дачыненні да карнікаў”, а ў 2026 годзе плануецца перадаць у ВС яшчэ каля 10–15 такіх спраў. Яны, паводле слоў генпракурора, тычацца не толькі 118-га карнага батальёна, але і іншых падраздзяленняў, якія “бралі ўдзел у вынішчэнні мірнага насельніцтва краіны”.
Раней кіраўнік следчай групы Генпракуратуры па расследаванні крымінальнай справы аб “генацыдзе беларускага народа” Валерый Таўкачоў паведаміў у эфіры “Першага інфармацыйнага”, што 1 ліпеня Вінніцкаму было прад’яўлена абвінавачанне і прызначаны абаронца. Паводле слоў чыноўніка, асабіста Вінніцкім і пад яго кіраўніцтвам “знішчана больш за 400 чалавек, не менш за 146 дзяцей, 31 чалавек сагнаны ў нямецкае рабства”.
Паводле даных Генпракуратуры, Вінніцкі быў камандзірам першай роты 118-га паліцэйскага батальёна, які падчас акупацыі БССР праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Пасля вайны пражываў у Канадзе, і да адказнасці яго прыцягнуць не ўдалося, нягледзячы на шматлікія запыты з боку СССР.
У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пры гэтым пад беларускім народам “для мэтаў гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, што пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).
За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 130² КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі, за паўторнае парушэнне — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе праследаваць памерлых у крымінальным парадку. З таго часу было праведзена некалькі судовых працэсаў у дачыненні да даўно памерлых ваенных злачынцаў.
Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўняна антысавецкае супраціўленне ў першыя пасляваенныя гады.
Крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа была распачатая ў красавіку 2021 года.
18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд прызнаў вінаватым паводле арт. 127 КК (генацыд) украінца Уладзіміра Катрука, якога абвінавацілі ў спаленні вёскі Хатынь. Улічваючы яго смерць у 2015 годзе, пакаранне не прызначалася.
30 снежня таго ж года ВС прызнаў вінаватым паводле арт. 127 КК без прызначэння пакарання карніка Хатыні Канстанціна Смоўскага.
28 сакавіка 2025 года ВС Прызнаў памерлага ў Вялікабрытаніі ў 1997 годзе Сямёна Серафімовіча вінаватым паводле арт. 127 КК.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа першае паўгоддзе фізасобы прадалі наяўнай валюты на 1,23 млрд долараў больш, чым набылі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства