Мінск 19:37

12 банкаў абвясцілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

8 ліпеня, Позірк. 12 банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і надалі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Альфа Банк у Беларусі” па 30 верасня падоўжыў перыяд, на працягу якога ён не спаганяе камісію па ўсіх формах давернага кіравання ў доларах, еўра і расійскіх рублях.

“Банк БелВЭБ” з 15 ліпеня змяняе тарыф на афармленне дагавора залогу рухомай маёмасці. Кошт паслугі павялічваецца ад 60 да 100 рублёў.

“Банк ВТБ (Беларусь)” скарэктаваў парадак заключэння дагавораў бягучага рахунку з выкарыстаннем сваіх вэб-сэрвісаў. Цяпер іх можна адкрываць не толькі з дапамогай Інтэрнэт-банка, сэрвісу “М-банкінг”, але таксама праз сэрвіс “Вэб-фрэйм”, які выкарыстоўваецца ў сетцы партнёраў банка.

“Банк РРБ” пачаў ажыццяўляць міжнародныя пераводы ў індыйскіх рупіях. Камісія за выходныя пераводы для юрыдычных асоб складае 0,16% сумы пераводу (мінімум 35 долараў, максімум — 235). Камісіі з боку трэціх банкаў, якія ўзнікаюць пры правядзенні плацяжу, спаганяюцца дадаткова ў выпадку выстаўлення такіх рахункаў банкам-карэспандэнтам.

“Белаграпрамбанк” прапануе фізічным асобам крэдыты на набыццё аўтамабіляў Geely мадэляў Okavango, Coolray, Preface, Monjaro, Tugella тэрмінам да 10 гадоў па стаўцы ад 9,5% гадавых.

“Беларусбанк” пачаў афармляць віртуальныя карпаратыўныя карты плацежных сістэм “Белкарт” і Visa. Даступныя Visa Business (тэрмін дзеяння 35 месяцаў, валюты афармлення — беларускі рубель, еўра і долар) і “Белкарт-Карпаратыўная” (35 месяцаў; беларускі і расійскі рублі).

“Белгазпрамбанк” змяніў умовы надання дэпазітарных ячэек. Цяпер доступ да такой ячэйкі кліенту або яго прадстаўніку можа быць абмежаваны ў выпадках, “прадугледжаных заканадаўчымі актамі (напрыклад, гэта могуць быць выпадкі накладання арышту на дэпазітарную ячэйку або забароны на доступ да яе, накладзенай праваахоўнымі органамі, судом або судовым выканаўцам)”.

“БНБ-Банк” у рамках заробкавых праектаў “Заробак на 1-2-3” і “Мой выбар” прапануе аформіць неперсаніфікаваныя карты. Банк таксама скасаваў камісію за перавод грошай з рахунку, доступ да якога забяспечаны банкаўскай картай, а таксама за выдачу наяўных з рахунку з картай без яе выкарыстання.

“БСБ Банк” пачаў прадаваць плаціну (дагэтуль рэалізоўваў срэбра, золата). Для набыцця трэба патэлефанаваць у банк і ўдакладніць, у якім аддзяленні можна набыць злітак. Купля здзяйсняецца ў аддзяленні па ўзгодненым адрасе.

“МТБанк” з 1 жніўня спыняе працу USSD-банкінгу. З гэтай даты даведацца пра баланс карты, рэшту плацяжу па крэдыце, разблакаваць або заблакаваць карту з дапамогай USSD-запыту стане немагчыма. Усе гэтыя аперацыі будуць даступныя ў мабільным банку Moby, Інтэрнэт-банкінгу “Мой Банк”, кантакт-цэнтры.

“Сбер Банк (Беларусь)” прапануе фізічным асобам паслугу абмену пашкоджаных банкнот долараў і еўра, якія захоўваюць прыкметы плацежаздольнасці. Камісія складае 10% сумы абмену (мінімум 25 рублёў) паводле курсу Нацыянальнага банка.

“Технобанк” прапануе аформіць віртуальную карту Mastercard у мабільным дадатку MyTechno, якой можна аплачваць пакупкі праз Swoo Pay або Samsung Pay, вяртаючы да 1,5% сродкаў назад.

На 1 чэрвеня 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 10 млрд 360,5 млн рублёў (+2,5% за месяц і +13% у гадавым вымярэнні).

Прыбытак банкаў, што працуюць у Беларусі, на 1 чэрвеня 2025 года склаў 1 млрд 787,5 млн рублёў — на 56,6% больш, чым месяцам раней (1 млрд 141,1 млн), і на 27,9% больш, чым на аналагічную дату 2024-га (1 млрд 397,1 млн).

Падзяліцца: