Мінск 18:11

Беларускія цыгарэты спрабавалі завезці ў Латвію пад выглядам сухога малака

Фота: СДД Латвіі

8 ліпеня, Позірк. Кантрабандныя цыгарэты знайшлі 5 ліпеня ў грузавым цягніку, што накіроўваўся з Беларусі, супрацоўнікі Мытнага дэпартамента Службы дзяржаўных даходаў (СДД) Латвіі, паведамляецца на сайце СДД.

У пункце пропуску “Індра” мытнікі, аналізуючы выявы, атрыманыя пры сканаванні цягніка, выявілі падазронае месца ў вагоне, у якім транспартавалася сухое малако. Падчас фізічнага надгляду яны выявілі, што за сумкамі ля тарцавога боку вагона схавана 2.400 пачкаў (48 тыс. адзінак) цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

Паводле падлікаў СДД, сума нявыплачаных падаткаў на цыгарэты складае каля 12.000 еўра.

Паколькі падчас мытнага кантролю выяўлены прыкметы крымінальнага злачынства — кантрабанда тытунёвых вырабаў у значным памеры — матэрыялы справы “перададзеныя ва Упраўленне падатковай і мытнай паліцыі СДД для прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы”.

У траўні паведамлялася, што супрацоўнікі Мытнага дэпартамента і Упраўлення падатковай і мытнай паліцыі СДД Латвіі пры кантролі грузавых цягнікоў, што ўязджаюць з Беларусі, за тыдзень прадухілілі кантрабанду 14.900 пачкаў цыгарэт у вагонах з нафтай і рапсавым алеем.

Падзяліцца: