Мінск 12:52

У Брэсцкай вобласці трэці раз ад пачатку лета правераць сістэму апавяшчэння насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

8 ліпеня, Позірк. “Планавая тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва” пройдзе 8 ліпеня на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праверка адбудзецца з 12:00 да 13:00. Ведамства традыцыйна заклікала “захоўваць спакой”, адзначыўшы, што “ніякіх дзеянняў не патрабуецца”.

Гэта будзе трэцяя праверка сістэмы апавяшчэння ў Брэсцкай вобласці ад пачатку лета, раней яны праводзіліся 10 і 30 чэрвеня. Да таго — 8 і 22 красавіка, а таксама 27 траўня.

У Мінскай вобласці аналагічныя праверкі праводзіліся 16 красавіка і 11 чэрвеня, у Магілёве 15–17 красавіка, у Гомельскай вобласці — 19 чэрвеня, 20 сакавіка і 30 студзеня.

13 сакавіка планавая праверка сістэмы апавяшчэння прайшла па ўсёй Беларусі.

Пра прычыны такіх частых праверак сістэм апавяшчэння МНС не паведамляе. Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што праверкі праводзяцца ў тым ліку ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна ўрываюцца беспілотныя лятучыя апараты, якія, як мяркуецца, належаць Расіі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі, аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: