Мінск 21:26

Лукашэнка пахваліў адхіленага ад улады Назарбаева за “бясцэнны ўнёсак” у развіццё Казахстана

Нурсултан Назарбаеў (чэрвень 2025 года)
Ілюстрацыйнае фота: Salyq Tártibi / aulieata.news

6 ліпеня, Позірк. Нурсултан Назарбаеў зрабіў “бясцэнны ўнёсак у станаўленне дзяржаўнасці і фармаванне сацыяльна-эканамічнага фундамента Казахстана”, а таксама ў “прасоўванне інтэграцыйных працэсаў і ўмацаванне бяспекі на еўразійскай прасторы”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 6 ліпеня першага казахстанскага прэзідэнта з 85-годдзем.

“З вялікай цеплынёй узгадваю нашыя сустрэчы і выказваю ўдзячнасць за вашыя намаганні па ўмацаванні дружалюбных сувязей паміж брацкімі народамі Беларусі і Казахстана”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка ўпэўнены, што ўзяты Мінскам і Астаной курс на “паглыбленне саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства захавае сваю станоўчую дынаміку, а яго вынікамі стануць новыя важкія дасягненні як у двухбаковай супрацы, так і ў рамках міжнародных арганізацый”.

“Няхай вашыя мудрасць і досвед працягваюць натхняць навакольных”, — зычыў Лукашэнка Назарбаеву.

Нурсултан Назарбаеў кіраваў сваёй краінай на працягу 30 гадоў — спачатку ў якасці першага сакратара ЦК Кампартыі Казахстана (22 чэрвеня 1989 года — 28 жніўня 1991 года), пасля як старшыня Вярхоўнага Савета Казахскай ССР (22 лютага — 24 красавіка 1990 года), прэзідэнт Казахскай ССР (24 красавіка 1990 года — 16 снежня 1991 года), прэзідэнт Рэспублікі Казахстан (16 снежня 1991 года — 20 сакавіка 2019 года).

20 сакавіка 2019 года Назарбаеў з уласнага жадання пайшоў у адстаўку. Яго паўнамоцтвы перайшлі да старшыні верхняй палаты парламента Касыма-Жамарта Такаева, які пасля быў абраны прэзідэнтам і застаецца на гэтай пасадзе дагэтуль.

Назарбаеў пасля адстаўкі захаваў за сабой пасады старшыні Асамблеі народа Казахстана (АНК), кіраўніка Савета бяспекі, члена Канстытуцыйнага савета і старшыні кіроўнай партыі “Нур Атан”.

Такая канфігурацыя ўлады пратрымалася нядоўга. У красавіку 2021 года Назарбаеў перадаў Такаеву паўнамоцтвы кіраўніка АНК.

На пачатку 2022 года праз сацыяльна-эканамічныя складанасці Казахстан ахапілі масавыя пратэсты, якія хутка набылі палітычны характар ​​(задушыць іх дапамаглі сілы АДКБ, у тым ліку беларускі кантынгент).

На фоне пратэстаў Такаеў пераняў у Назарбаева паўнамоцтвы кіраўніка Савета бяспекі (паралельна сталі губляць кіроўныя пасады шматлікія сваякі і асяроддзе першага прэзідэнта краіны), а затым і старшыні партыі “Нур Атан” (пазней выйшаў з яе, каб дыстанцыявацца ад структураваных палітычных сіл; цяпер партыя называецца “Аманат”.

1 студзеня 2023 года Назарбаеў перастаў быць членам Канстытуцыйнага савета краіны.

Такім чынам, Токаеў паспяхова завяршыў працэс адхілення Назарбаева ад улады ў краіне. Пазней палітык правёў рэформу, якая абмежавала колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, але павялічыла кадэнцыю з 5 да 7 гадоў.

Падзяліцца: