Мінск 00:59

Польшча можа прыраўняць праязны дакумент замежніка да пасведчання асобы — “Партызанка” (дапоўнена)

Актуалізаваны 2-гі абзац, дададзеныя абзацы 7–9.

Крыніца: pixabay.com

5 ліпеня, Позірк. Аб падрыхтоўцы ў Польшчы законапраекта, які прадугледжвае наданне праязному дакументу замежніка “афіцыйнага статусу пасведчання асобы”, паведамляе ініцыятыва “Партызанка”, якая займаецца аказаннем прававой дапамогі беларускім эмігрантам.

Пра гэта стала вядома па выніках 2-га пасяджэння рабочай групы па пытаннях знаходжання грамадзян Беларусі ў Польшчы. У пасяджэнні, якое прайшло 4 ліпеня ў Варшаве, прынялі ўдзел кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, сузаснавальніца “Партызанкі” Ганна Маціеўская і інш.

Паведамляецца таксама, што “на парадку дня застаюцца планы па павелічэнні тэрміну дзеяння” праязнога дакумента замежніка.

“Мы вядзем працу ў гэтым кірунку з 2023 года — з набыцця моцы “пашпартнага ўказа” Лукашэнкі, які забараніў падаўжэнне беларускіх пашпартоў за мяжой”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, на сустрэчы абмяркоўвалася тэматыка легалізацыі грамадзян Беларусі ў Польшчы, у прыватнасці, тэрміны разгляду адпаведных заяў у міграцыйных органах гэтай краіны.

“Нас праінфармавалі, што працягваецца праца над укараненнем новых электронных сістэм, закліканых значна скараціць тэрміны чакання і чэргі ў ваяводскіх упраўленнях — асабліва па справах, звязаных з эканамічнымі тыпамі ВНЖ: праца, бізнес, уз’яднанне з сям’ёй і вучоба”, — падкрэслівае “Партызанка”.

Прэс-служба АПК паведамляе, што запуск электроннай сістэмы падачы заяў для легалізацыі ў Польшчы адбудзецца ўвосень 2025 года. Паводле слоў Цытрыновіча, укараненне новага механізму “будзе суправаджацца шырокай інфармацыйнай кампаніяй, каб падрыхтаваць заяўнікаў да працы з парталам”.

На сустрэчы Латушка звярнуў увагу Цытрыновіча “на аднаўленне практыкі выкарыстання рэжымам Лукашэнкі механізмаў “Інтэрпола” для пераследу беларускіх актывістаў за мяжой”. “Гэтая інфармацыя будзе накіраваная галоўнаму каменданту паліцыі і міністру юстыцыі Польшчы для ўліку ў паўсядзённай практыцы пры прыняцці рашэнняў”, — гаворыцца ў паведамленні АПК.

Акрамя гэтага, як заяўляецца, Латушка перадаў польскаму боку “шэраг кейсаў беларускіх былых палітвязняў, якія патрабуюць пільнай увагі і максімальна хуткага разгляду пытання іх легалізацыі ў Польшчы”.

21 сакавіка 2025 года НАУ паведаміла аб пасяджэнні рабочай групы па пытаннях знаходжання грамадзян Беларусі ў Польшчы. Група дзейнічае пад старшынствам Цытрыновіча, з беларускага боку яе ўзначальвае Латушка.

Па выніках пасяджэння адзначалася, што праблемы з прызнаннем польскага праязнога дакумента замежніка ў банках і іншых установах звязаныя “хутчэй з недахопам інфармацыі”.

Упраўленне па справах замежнікаў, як заяўлялася, “звяжацца з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі <…> адносна прызнання імі ў якасці дакументаў для ідэнтыфікацыі і пацверджанні асобы заяўнікаў часовага пасведчання асобы замежніка, пашпарта грамадзяніна Беларусі з гуманітарнай візай, праязнога дакумента”.

Таксама ўдакладнялася, што ў закон аб іншаземцах могуць унесці норму аб выдачы праязнога дакумента на тэрмін больш за год і магчымасць падачы заявы за шэсць месяцаў да заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.

Ведамства таксама разгледзіць пытанне аб выдачы праязнога дакумента пры адсутнасці свабодных старонак у пашпарце, гаварылася ў паведамленні.

З 2021 года больш за 240 тыс. грамадзян Беларусі падалося на атрыманне дазволу на знаходжанне ў Польшчы, паведаміў “Позірку” ў снежні мінулага года Латушка, спасылаючыся на звесткі, атрыманыя ў МУС краіны. З іх ужо больш за 140 тыс. мае дзеючы дакумент, які дае права на знаходжанне на тэрыторыі Польшчы, дадаў палітык.

Паводле даных Упраўлення па справах замежнікаў, на канец лютага 2025 года ў Польшчы пражывала 143,1 тыс. грамадзян Беларусі з дакументамі, якія так ці інакш легалізуюць іх знаходжанне ў краіне.

Падзяліцца: