Рыжанкоў наведае саміт БРІКС у Бразіліі
5 ліпеня, Позірк. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў наведае саміт кіраўнікоў дзяржаў БРІКС, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.
Мерапрыемства пройдзе ў Бразіліі 6–7 ліпеня.
“Упершыню Беларусь возьме ўдзел у мерапрыемстве на высокім узроўні пасля атрымання ў студзені 2025 года статусу дзяржавы-партнёра аб’яднання”, — заяўляе МЗС.
Чакаецца “выступленне беларускай дэлегацыі на пашыраных пасяджэннях з удзелам лідараў краін БРІКС”, а таксама “двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў аб’яднання”, гаворыцца ў паведамленні.
“Ключавыя тэмы саміту — глабальнае супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя, змяненне клімату і кіраванне штучным інтэлектам у рамках прыярытэтаў бразільскага старшынства”, — адзначае ведамства.
11 лістапада 2024 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў ліст у адрас прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пра гатоўнасць Мінска “падлучыцца да БРІКС у якасці партнёра”.
Дакумент, завізаваны 5 лістапада, перададзены Рыжанковым амбасадару РФ Барысу Грызлову 11 лістапада.
У знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што афіцыйны адказ на пісьмовае запрашэнне з’яўляецца “абавязковым элементам узгодненай дзяржавамі — членамі працэдуры атрымання партнёрскага статусу”: “Менавіта з гэтага моманту краіна афіцыйна лічыцца партнёрам БРІКС”.
Статус краіны-партнёра, апроч іншага, прадугледжвае ўдзел на пастаяннай аснове ў спецыяльных сесіях самітаў і сустрэч міністраў замежных спраў БРІКС.
Таксама магчыма запрашэнне партнёраў на іншыя мерапрыемствы міністэрскага ўзроўню, у прыватнасці, па тэматыцы гандлю, сустрэчы прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы і форум парламентарыяў.
Партнёры могуць далучацца да выніковых дакументаў БРІКС, пашыраючы тым самым іх геаграфічны ахоп і узмацняючы голас аб’яднання ў міжнародных справах.
24 кастрычніка паведамлялася, што ў інтэрв’ю расійскім “Известиям” Лукашэнка раскрытыкаваў наяўнасць прамежкавага звяна на шляху краін, якія жадаюць далучыцца да БРІКС.
“Партнёрамі сталі 12 або 13 дзяржаў, у тым ліку Беларусь, — адзначыў ён. — А чаму не прымаюць у БРІКС іншыя дзяржавы? Пра што БРІКС хацела б, перш чым прымаць іншыя дзяржавы, падумаць? А чаму Турцыю не прыняць? Адзіны член НАТО, які праявіў цікавасць. Пры гэтым буйная краіна, эканоміка магутная. Чаму не прыняць? Не, не прынялі. Прыдумалі гэты “прылазнік” у выглядзе партнёра”.
У тыя дні ён удзельнічаў у мерапрыемствах саміту арганізацыі ў Казані.
Улетку 2006 года Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фарміравання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнага супрацоўніцтва. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.
У 2011-м садружнасць БРІК была перайменавана ў БРІКС пасля далучэння Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
З пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” у назве апускаюць), калі ў яе прынялі Іран, Саудаўскую Аравію, Егіпет, Эфіопію і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.
Беларусь падала заяўку на ўступленне ў арганізацыю ў 2023 годзе.
У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Інданезія. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісау, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда і Уругвай.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка