Мінск 20:48

Лукашэнка — пра распад СССР: Мы развалілі вялікую краіну, і сёння кожны паасобку куляемся туды-сюды

5 ліпеня, Позірк. Чарговы раз аб распадзе Савецкага Саюза са шкадаваннем выказаўся Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 5 ліпеня ў Магілёўскім раёне на адкрыцці музея Славы Магілёўшчыны.

“Мы, страціўшы свае традыцыі, прынцыпы, норавы, развалілі вялікую краіну. І сёння кожны паасобку куляемся туды-сюды. Акрамя Беларусі і Расіі, якія ўсё ж такі ступілі да гэтага адзінства”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Але не думайце, што па нашым шляху гараць жаданнем бегчы нават былыя савецкія рэспублікі. Занадта вялікая адлегласць пасля распаду саюза паміж намі і імі. Але мы змагаемся. Мы паказваем прыкладам. Эканамічна спрабуем прыцягнуць, наблізіць гэтыя народы да нас. Таму што гэта нашы народы, савецкія народы”, — дадаў ён.

Лукашэнка рэгулярна заяўляе, што шкадуе пра распад СССР. Неаднаразова называў сябе “савецкім чалавекам”.

25 кастрычніка 2024 года ў інтэрв’ю расійскаму выданню “Известия” ён заявіў, што ў Беларусі і РФ “агульная Айчына ад Брэста да Уладзівастока” і ад гэтага “нікуды не дзенешся”.

Падмуркам адносін у Саюзнай дзяржаве, паводле яго слоў, з’яўляецца эканоміка, пры гэтым у рамках альянсу ёсць “дзве суверэнныя дзяржавы: Беларусь і велізарная Расія”.

“Так склалася, не па нашай віне, што тут дзве дзяржавы”, — падкрэсліў Лукашэнка.

“Гэта непахісны закон нашага часу. Таму ўсякія размовы пра тое, што імперыя там, сатэліт, не сатэліт, што ўнутр Расіі ўступіць і іншае. Устаньце на маё месца, вы б што, будучы прэзідэнтам суверэннай, не кажу незалежнай, мы адзін ад аднаго залежым, суверэннай дзяржавы, якая не мае межаў, не па сваёй віне якая стала суверэннай. Гэтую дзяржаву заўтра б знішчылі. Я на гэта пайсці не магу і мяне ніхто на гэта не ўпаўнаважыў”, — сказаў ён.

Беларусь атрымала незалежнасць пасля распаду СССР у 1991 годзе. Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 19994 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

Спалучэнне дзвюх краін інтэнсіфікавалася ў 2020 годзе — пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі Масква падтрымала Аляксандра Лукашэнку, а таксама ў 2022-м — пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, калі рэжым у Мінску прадаставіў Крамлю тэрыторыю для нападу і стаў усяляк спрыяць яго агрэсіўным дзеянням.

Беларусь і РФ сталі імкліва збліжацца ў палітычным, ваенным і эканамічным плане на фоне ўведзеных супраць іх дэмакратычнымі краінамі маштабных санкцый.

Падзяліцца: