Мінск 08:35

З 2020 года мінімум 8.421 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах — “Вясна”

4 ліпеня, Позірк. З 2020 года мінімум 8.421 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах, сама меней 7.116 атрымалі палітычна матываваны прысуды, з іх 33 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў справаздачы праваабарончага цэнтра “Вясна” па выніках чэрвеня 2025 года.

За чэрвень праваабаронцы прызналі палітвязнямі 29 чалавек, за паўгоддзе — 183. Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1.185 (на 4 ліпеня — 1.160). З траўня 2020 года рашэнне аб прызнанні палітвязнем прымалася ў дачыненні да 3.945 чалавек. 2.807 чалавек, з якіх 578 жанчын, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або зменай меры стрымання.

“Агульная колькасць палітвязняў павольна скарачаецца ў сувязі з адбыццём тэрмінаў пазбаўлення волі і памілаваннямі. Між тым сярод палітвязняў застаюцца тыя, хто пазбаўлены волі ўжо больш за пяць гадоў”, — канстатуюць праваабаронцы.

Яны звяртаюць увагу на сніжэнне апошнім часам вядомых выпадкаў рэпрэсій, але звязваюць гэта са спыненнем доступу да раскладу судоў на сайце Вярхоўнага суда — “адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе”.

Агулам з пачатку 2025 года вядома пра больш за 1.700 затрыманняў (у чэрвені — 67), і “гэта толькі частка сістэматычных і шырока распаўсюджаных рэпрэсій па палітычных матывах”.

Праваабаронцы “працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых форм недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах”.

Застаюцца ў няволі мінімум 164 палітвязні ў асабліва ўразлівым становішчы, несумяшчальным са знаходжаннем там: з цяжкімі захворваннямі, непаўналетнія, шматдзетныя, з сямейнымі цяжкасцямі або на прымусовым псіхіятрычным лячэнні.

На канец чэрвеня вядома пра 63 палітвязняў (46 з іх у няволі, 17 вызваленыя), якім быў прызначаны дадатковы тэрмін адвольнага пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК за сукупнасць дысцыплінарных парушэнняў у папраўчай установе.

“Як і раней, пашыраецца спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. У чэрвені было вынесена 75 судовых рашэнняў. Усяго з пачатку года такіх рашэнняў адбылося 829. За аналагічны перыяд мінулага года было вынесена 722 судовыя рашэнні”, — адзначае “Вясна”.

Тры пазіцыі дададзена ў спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў”. Цяпер ён уключае 296 суб’ектаў. За бягучы год экстрэмісцкімі прызнана 39 суб’ектаў, за той жа леташні перыяд — 54.

У спіс асоб, якія нібыта маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, у чэрвені ўключана 124 чалавекі. За 2025 год у спіс дададзена 658 чалавек, летась за першае паўгоддзе — 537. Агулам з канца сакавіка 2022 года ў спіс унесена 5.466 чалавек.

Падзяліцца: