Пастаянныя прадстаўнікі 37 краін у АБСЕ заклікалі беларускія ўлады спыніць пераслед апанентаў і вызваліць палітвязняў

4 ліпеня, Позірк. Спыніць пераслед апанентаў і вызваліць палітвязняў заклікалі пастаянныя прадстаўнікі 37 краін у арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Заява была апублікаваная намеснікам пастаяннага прадстаўніка Германіі Сібіле Остэн-Фаа 3 ліпеня з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі і апублікаваная на наступны дзень.
“Мы вітаем вызваленне некалькіх палітычных зняволеных, уключаючы Сяргея Ціханоўскага, у якім Злучаныя Штаты Амерыкі адыгралі вырашальную ролю. Хоць гэта і пазітыўныя крокі, мы глыбока занепакоеныя тым, што паводле стану на 26 чэрвеня ў Беларусі пад вартай усё яшчэ застаецца не менш за 1.170 палітычных зняволеных, паводле звестак праваабарончай арганізацыі “Вясна“. Многія церпяць катаванні і жорсткае абыходжанне, у тым ліку працяглую ізаляцыю і адмову ў неабходнай медыцынскай дапамозе. На жаль, не меней за восем з іх памерлі ў зняволенні з-за гэтых бесчалавечных умоў“, — гаворыцца ў заяве пастаянных прадстаўнікоў.
Яны падкрэсліваюць, што памятаюць пра тых, хто пасля вызвалення “вымушаны бегчы з Беларусі ці заставацца пад пастаяннымі рэпрэсіямі, якія фактычна падаўжаюць іх пакаранне пасля турэмнага зняволення“.
“Больш за тое, беларускія ўлады працягваюць арыштоўваць і затрымліваць апанентаў ці людзей, якія лічацца такімі, і душыць незалежныя СМІ, ігнаруючы міжнародныя абавязацельствы і прынцыпы і абавязацельствы АБСЕ“, — канстатуецца ў заяве.
“На гэтым тле” пастаянныя прадстаўнікі заклікаюць беларускія ўлады “спыніць пераслед грамадзян за рэалізацыю імі сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду аб’яднанняў і мірных сходаў; неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, у першую чаргу тых, у каго ёсць праблемы са здароўем і інваліднасць, пажылых людзей і бацькоў-адзіночак, і забяспечыць іх рэабілітацыю; забяспечыць справядлівае і гуманнае абыходжанне з усімі зняволенымі, у прыватнасці, дазволіўшы зняволеным, якім было адмоўлена ў стасунках са сваімі сем’ямі, зрабіць гэта, і падаўшы неадкладны доступ да належнай медыцынскай дапамогі якія жывуць у нястачы“.
“Мы працягнем падтрымліваць імкненне беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі“, — заявілі пастаянныя прадстаўнікі.
Заяву падрыхтавалі 29 дзяржаў — членаў неафіцыйнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ: Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Румынія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швецыя і Эстонія.
Да заявы далучылася 8 краін: Албанія, Андора, Боснія і Герцагавіна, Ліхтэнштэйн, Малдова, Мальта, Паўночная Македонія і Сан-Марына.
Беларускі МЗС адрэагаваў на заяву на сваёй англамоўнай старонцы ў сацсетцы Х (“Твітар”), зноў звярнуўшыся да мілітарысцкай рыторыкі.
“Кожны раз, калі мы чуем пра планы Германіі зрабіць бундэсвер “наймацнейшай канвэнцыйнай (якая выкарыстоўвае звычайную, не ядзерную зброю. — “Позірк”.) арміяй у Еўропе”, мы не вагаючыся нагадваем свету пра ўрокі апошняй сусветнай вайны і пра гістарычную адказнасць нямецкага народа за злачынствы нацызму, учыненыя ў Беларусі. Вось чаму сёння, у Дзень незалежнасці Беларусі, было б значна слушней, калі б прадстаўнік Германіі выказаў раскаянне ў зверствах нацысцкай Германіі, а не ў чарговы раз раз раздзімаў ўяўныя праблемы і навязваў тактыку ціску на краіны, якія не адпавядаюць іх парадку дня“, — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Мінска ў АБСЕ.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваНа Дзень незалежнасці-2025 здарылася на 60% больш пажараў, чым год тамуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства3 ліпеня ў Беларусі перакрыты тэмпературны рэкорд дня амаль 90-гадовай даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка