Мінск 18:20

Спецдакладчык ААН па Беларусі выказаўся за паскарэнне вызвалення палітвязняў

4 ліпеня, Позірк. “Працяг і паскарэнне працэсу вызвалення зняволеных стаў бы прыдатным фонам для будучага агляду сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”, — заявіў спецыяльны дакладчык ААН Нілс Муйжніекс з нагоды Дня незалежнасці 3 ліпеня.

Ён адзначыў, што ў лістападзе 2025 года Беларусь пройдзе чарговы цыкл Універсальнага перыядычнага агляду Савета ААН па правах чалавека.

На думку Муйжніекса, цяперашні Дзень незалежнасці мае асаблівае значэнне для захавання правоў чалавека ў краіне, паколькі роўна год таму пачалося памілаванне зняволеных, якія пераследуюцца з палітычных матываў; агульная колькасць вызваленых перавысіла 300.

Працэс вызвалення павінен працягвацца і тычыцца ўсіх, хто несправядліва пераследуецца, асабліва тых, у каго праблемы са здароўем. “Гэта адзіны гуманны спосаб, які дазволіць Беларусі выканаць абавязацельствы ў галіне правоў чалавека”, — адзначыў дакладчык.

Муйжніекс падкрэсліў, што агульная колькасць палітвязняў у краіне застаецца значнай: больш за 1.100 чалавек знаходзяцца пад вартай за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, многія з іх пакутуюць ад пагаршэння фізічнага і псіхічнага здароўя праз жорсткае абыходжанне і дрэнныя ўмовы ўтрымання, што выяўляецца ў недастатковым харчаванні, неадэкватным медыцынскім абслугоўванні, забароне на атрыманне замежнай гуманітарнай дапамогі.

Дакладчык канстатаваў, што ў апошні час Беларусь крытыкуюць у сувязі з адвольным пазбаўленнем волі і суровымі ўмовамі ўтрымання пад вартай. Крытыку выказваюць шэраг органаў ААН, у тым ліку група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, камітэты па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын і па правах інвалідаў.

Гл. таксама:

Спецдакладчык ААН: Трэба працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб павысіць для яго кошт працягу рэпрэсій

Падзяліцца: