Кіраўнік МЗС Батсваны, які наведвае Беларусь, заявіў на сустрэчы з Каранкевічам пра перавагі мірнай перадачы ўлады

2 ліпеня, Позірк. Развіццё аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, пастаўкі сельскагаспадарчай, пасажырскай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікі прапануе Беларусь Батсване, заявіў 2 ліпеня намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч на сустрэчы з міністрам міжнародных адносін (аналаг МЗС) гэтай афрыканскай дзяржавы Феніа Бутале.
Паводле слоў Каранкевіча, якія перадае прэс-служба ўрада, беларускі бок “гатовы выбудоўваць адносіны” з Батсванай таксама ў пытаннях аховы здароўя, пастаўкі медыкаментаў, медыцынскага абсталявання, развіцця фармацэўтыкі, навучання ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах.
“Мы гатовыя пастаўляць абсталяванне, тэхніку, тэхналогіі, дзяліцца сваімі ведамі, вопытам, кампетэнцыямі. Гатовыя падыходзіць комплексна, з магчымасцю стварэння сэрвісных цэнтраў, навучання персаналу і стварэння сумесных вытворчасцяў”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Бутале ў сваю чаргу адзначыў, што супрацоўніцтва дзвюх краін “не можа быць зведзена толькі да сельскай гаспадаркі”. Ён заявіў, што ў Батсване “самая лепшая дзелавая атмасфера”, краіна мае “палітычную, эканамічную стабільнасць, высокія эканамічныя рэйтынгі”.
“Мірная перадача ўлады, якая адбылася летась, таксама паказвае, на наш погляд, што інвестар у Батсване абаронены. Наша краіна добра размешчана ў геаграфічным плане, і беларускія інвестары, якія прыходзяць, могуць засноўваць вытворчасці, якія стануць выхадам на рынак не толькі Паўднёвай Афрыкі, але і на афрыканскі рынак у цэлым”, — адзначыў Бутале.
1 ліпеня ў Мінску міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і Бутале дамовіліся працаваць над стварэннем сумеснай камісіі па супрацоўніцтве.
Адзначалася, што бакі “абавязаліся актывізаваць абмен двухбаковымі візітамі, у тым ліку на вышэйшым узроўні, і падкрэслілі неабходнасць актыўнай, арыентаванай на вынікі работы па фарміраванні прадметнага парадку дня для такіх візітаў”.
візіт у Беларусь Бутале праходзіць 1–4 ліпеня, чакаецца, што ён наведае буйныя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.
Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Батсваны Думу Бока з перамогай яго партыі на ўсеагульных выбарах і яго абраннем на найвышэйшую пасаду 11 лістапада 2024 года, адзначыў “перспектывы супрацоўніцтва ў забеспячэнні харчовай бяспекі і трансферу тэхналогій у аграпрамысловым комплексе, горназдабываючай прамысловасці і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях”.
“Вынікі галасавання яшчэ раз пацвердзілі трываласць батсванскай дэмакратычнай сістэмы. Перакананы, курс устойлівага развіцця і мадэрнізацыі краіны будзе працягнуты пад вашым кіраўніцтвам. Мінск зацікаўлены ў нарошчванні доўгатэрміновых сувязей з Габароне”, — заявіў Лукашэнка, які нязменна кіруе ў Беларусі з 1994 года.
Батсвана атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі 30 верасня 1966 года. У Батсване больш за 10 палітычных партый, аднак усе кіраўнікі дзяржавы прадстаўлялі толькі адну — Дэмакратычную партыю Батсваны.
Між тым на выбарах 2024 года перамагла кааліцыя “У абарону дэмакратычных перамен” (АДП), якую ачольвае Бока.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Батсванай устаноўленыя ў 2003 годзе. Узаемны знешні гандаль блізкі да нуля.
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ першай палове 2025 года краіны ЕС зафіксавалі ў 1,6 раза больш спробаў пераходу нелегалаў з Беларусі, чым у другой палове 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваЧыноўнікі Мінадукацыі паведамляюць супярэчлівыя звесткі аб квоце на навучанне расіян у ВНУ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка