Мінск 03:36

МАРГ узмацніў адказнасць гандлёвых арганізацый за завышэнне цэн

1 ліпеня, Позірк. Аб усё больш частых выпадках “фармальнага падыходу гандлёвых арганізацый да выканання рашэнняў” Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) заявіла 1 ліпеня прэс-служба ведамства.

“У мэтах павышэння адказнасці суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці” перад спажыўцамі МАРГ паведаміў пра “ўзмацненне патрабаванняў да гандлёвых арганізацый за рэалізацыю пратэрмінаванай прадукцыі, невыкананне абавязковага пераліку тавараў і завышэнне цэн”.

“У выпадку выяўлення падобных фактаў, рашэнні аб прыпыненні працы гандлёвых аб’ектаў будуць прымацца паводле больш жорсткіх крытэрыяў. Адпаведны загад падпісаны 1 ліпеня 2025 года”, — гаворыцца ў паведамленні.

МАРГ адзначае, што за студзень — чэрвень 2025 года паводле вынікаў праведзеных “кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў” у гандлёвыя арганізацыі накіравана больш за 1,1 тыс. рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў, выдадзена каля 230 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку з мінулым тэрмінам прыдатнасці. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 350 асоб.

10 чэрвеня прэс-служба МАРГ паведаміла, што з пачатку 2025 года парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні выяўлены больш як у ста суб’ектаў гаспадарання. Па інфармацыі ведамства, агульная сума штрафаў склала звыш 250 тыс. рублёў.

Раней “Позірк” паведамляў, што ў 2024 годзе цэнавыя парушэнні выявілі ў 331 суб’екта гаспадарання, агульная сума штрафаў склала 85,18 млн рублёў, з якіх 83,7 млн ​​выпісалі мабільнаму аператару А1.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаны некаторыя групы тавараў, падкарэктаваны правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змяненні.

Пастанова № 713(6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку” — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “базавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

Як паведамлялася, спажывецкія цэны ў траўні выраслі на 0,7%, у гадавым вымярэнні — на 7,1%.

Падзяліцца: