Мінск 18:06

СК заявіў пра знойдзенае на мяжы з Латвіяй цела грамадзяніна Эрытрэі

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

1 ліпеня, Позірк. Цела 29-гадовага грамадзяніна Эрытрэі знайшлі 27 чэрвеня пагранічнікі ў непасрэднай блізкасці ад мяжы з Латвіяй у Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць), паведаміла 1 ліпеня прэс-служба Следчага камітэта.

СК сцвярджае, што “мужчына быў жорстка збіты”. У яго “выяўленыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе тупой траўмы жывата, разрыву селязёнкі з пашкоджаннем кішачніка, якія ўскладніліся моцным унутрыбрушным крывацёкам”.

Якім чынам была высветленая асоба мужчыны, не ўдакладняецца, аднак падкрэслена, што мабільны тэлефон, грошы, асабістыя рэчы і дакументы пры загінулым адсутнічалі. Гэта СК разглядае як магчымае сведчанне “гвалтоўнага выправаджэння з тэрыторыі Латвіі”.

Верхнядзвінскі раённы аддзел СК узбудзіў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці чалавека).

Паводле даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, ад пачатку 2025 года гэта ўжо дзявяты выпадак гібелі мігрантаў на беларуска-латвійскім участку мяжы. Папярэдні быў зафіксаваны 21 траўня.

З 2021 года агульная колькасць “загінулых уцекачоў” на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам дасягнула 75 чалавек, адзначае Дзяржпагранкамітэт.

Адметна, што летась у снежні намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці Дзяржпагранкамітэта Мікалай Барэйка заяўляў, што да таго дня з 2021 года на мяжы з краінамі ЕС загінула 72 мігранты. Адказнасць за гэта ён усклаў на “калег з сумежных дзяржаў”.

Згодна з падлікамі “Позірку”, ад пачатку 2025 года Латвія зафіксавала 5,9 тыс. спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі

У сувязі з рэзкім павелічэннем актыўнасці мігрантаў на мяжы Латвіі з Беларуссю 12 траўня Эстонія накіравала на дапамогу латвійскім калегам групу супрацоўнікаў дэпартамента паліцыі і памежнай аховы.

Згодна з дакладам “Бяспечнага шляху няма. Смерці мігрант_ак на мяжы Еўрапейскага саюза і Беларусі” праваабарончай арганізацыі Human Constanta, з вясны 2021-га па канец сакавіка 2024-га не менш за 116 нелегальных мігрантаў, у тым ліку 15 жанчын, памерла на мяжы Беларусі з краінамі ЕС. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на канец сакавіка 2024 года памерла не менш як 47 чалавек.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты трапляюць на мяжу з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: