Мінск 18:13

У першым квартале выяўлена на 1,1% менш падробленых грошай, чым за аналагічны перыяд 2024 года

Ілюстрацыйнае фота: 8photo / freepik.com

1 ліпеня, Позірк. У студзені — сакавіку 2025 года ў Беларусі выяўлена 184 падробленых грашовых знакаў (банкноты — 183, манеты — 1). Гэта на 1,1% менш, чым за аналагічны перыяд 2024 (186), паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка.

Сярод выяўленых падробак больш за ўсё долараў ЗША — 170 адзінак, альбо 92,4% (годам раней — 157). Фальшывых расійскіх рублёў знойдзена 10 адзінак, альбо 5,4% (16), еўра — 4, альбо 2,2% (10).

Паводле інфармацыі Нацбанка, 57,1% падробленых грашовых знакаў выяўлена ў Мінску. У цэлым фальшыўкі вынялі з абарачэння ў 28 населеных пунктах.

З ліку выяўленых падробленых долараў пяць купюр адносілася да катэгорыі “частковых падробак”. “Гэтыя падробкі вырабленыя з сапраўдных банкнот долараў, на якіх зробленыя змены асноўных літарна-лічбавых малюнкаў на больш высокі намінал”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Да катэгорыі “суперпадробак” адносіліся тры банкноты наміналам 100 долараў. “Выяўленыя падробленыя дооары з’яўляліся раней вядомымі разнавіднасцямі падробак”, — падкрэслівае Нацбанк.

Адзначаецца, што з “выкарыстаннем паліграфічных тэхналогій” выраблена больш як 93% падробленых долараў (у асноўным плоскі друк, а таксама глыбокі друк) і 66% падробленых еўра (усе — плоскі друк).

“Для выяўлення малюнкаў астатніх падробленых банкнот выкарыстаныя тэхналогіі рэпраграфіі — друкаркавыя прылады (у асноўным струменевы друк, а таксама электрафатаграфія для долараў, струменевы друк для еўра і расійскіх рублёў)”, — паведамляе рэгулятар.

У 2024 годзе ў Беларусі было выяўлена 795 падробленых грашовых знакаў (793 банкноты і 2 манеты) — на 28,1% менш, чым за 2023 (1.105).

Сярод выяўленых падробак больш за ўсё было долараў ЗША — 661 адзінка (годам раней — 971). Фальшывых расійскіх рублёў знойдзена 72 адзінкі (62), еўра — 54 (49), беларускіх рублёў — 7 (21).

Нацбанк паведамляў, што 41,4% падробленых грашовых знакаў выявілі ў сталіцы. У цэлым падробкі вынялі з абарачэння ў 60 населеных пунктах.

Падзяліцца: