Мінск 06:29

На пасяджэнні СМЗС АДКБ Рыжанкоў заклапаціўся “прагрэсуючай гонкай узбраенняў” ва Усходняй Еўропе

Фота: МЗС

30 чэрвеня, Позірк. “Занепакоенасць” у сувязі з “ростам вайсковых выдаткаў і прагрэсуючай гонкай узбраенняў, асабліва ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне” выказаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 30 чэрвеня падчас пасяджэння Савета міністраў замежных спраў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Пасяджэнне прайшло ў Чалпон-Аце (Кыргызстан), паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Заяўляецца, што на сустрэчы “адбыўся грунтоўны і даверны абмен думкамі аб бягучым стане міжнароднай і рэгіянальнай абстаноўкі і яе ўплыве на бяспеку дзяржаў-членаў АДКБ”.

У сваім выступленні Рыжанкоў таксама заявіў аб няспынным “крызісе існуючага сусветнага парадку, далейшай дэградацыі двухбаковых і шматбаковых механізмаў кантролю над узбраеннямі і нераспаўсюджвання і няздольнасці міжнародных структур эфектыўна рэагаваць на крызісы і канфлікты з прычыны глыбінных рознагалоссяў паміж дзяржавамі-удзельнікамі”.

Кіраўнік МЗС, як заяўляецца, падкрэсліў важнасць “сумеснай працы па фарміраванні архітэктуры бяспекі ў Еўразіі і пабудове шматпалярнага свету, заснаванага на прынцыпах раўнапраўя, суверэнітэту і павагі разнастайнасці шляхоў развіцця”.

На думку Рыжанкова, АДКБ “павінна стаць адной з ваенна-палітычных апор архітэктуры еўразійскай бяспекі і шматпалярнай светабудовы”.

Выступаючы 9 траўня ў Мінску перад ваенным парадам у гонар 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Аляксандр Лукашэнка назваў пагрозай для Беларусі мініраванне межаў Польшчай і Літвой.

“Але на самой справе заходнія эліты не паддаюцца навучанню. Еўрасаюз, які ствараўся як палітычнае і эканамічнае аб’яднанне, фактычна трансфармаваўся ў таталітарны ваенна-палітычны блок з адкрыта рэваншысцкімі настроямі”, — заявіў Лукашэнка.

Брусэль, дадаў ён, “планамерна ператварае тэрыторыі Польшчы і прыбалтыйскіх краін у зыходныя раёны для атакі на ўсходніх рубяжах Паўночнаатлантычнага блока”.

У якасці пацвярджэння ваяўнічых намераў НАТО Лукашэнка прывёў наступныя тэзы: ЕС, адзначыў ён, “мае намер павысіць аб’ёмы ваенных асігнаванняў да ўзроўню вышэй за 3% ВУП [у сярэднім ад кожнай краіны]”, а “Варшава і Вільнюс маюць намер ўсталяваць на межах з Беларуссю і Расіяй мінна-выбуховыя загароды”.

Суседнія з Беларуссю краіны ЕС у апошнія гады абсталёўваюць усходнія межы абароннымі збудаваннямі, выдаткоўваючы на гэта вялізныя сродкі. Сярод іншага палітыкі гэтых дзяржаў заяўляюць пра неабходнасць мініравання межаў дзеля прадухілення ваеннай агрэсіі з боку Расіі і Беларусі. У ЕС асцерагаюцца, што поўнамаштабная вайна ва Украіне, развязаная Крамлём у лютым 2022 года пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, можа перакінуцца на тэрыторыю іншых еўрапейскіх краін.

У пачатку гэтага месяца паведамлялася, што прадстаўнікі АДКБ і краін, якія ўваходзяць у яе (акрамя Арменіі) 3–5 чэрвеня правялі ў Беларусі другія штабныя перамовы па падрыхтоўцы сумесных манеўраў, якія адбудуцца ў верасні 2025 года.

Гаворка пра сумесныя аператыўна-стратэгічныя вучэнні “Баявое брацтва — 2025” ды іх складныя часткі: вучэнні “Узаемадзеянне-2025” з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання, “Пошук-2025” — з сіламі і сродкамі выведки, “Эшалон-2025” — з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

Прэс-служба беларускага Міністэрства абароны 5 чэрвеня паведаміла, што “бакі ўзгаднілі задумы вучэнняў, увязаныя з мэтамі сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі “Захад-2025″, склады падраздзяленняў, што да іх прыцягваюцца, парадак розыгрышу практычных дзеянняў, пытанні кіравання і забеспячэння”. Акрамя таго, “праведзеная рэкагнасцыроўка” палігонаў Ласвіда (Віцебскі раён) і Лепельскі, “дзе пройдуць мерапрыемствы”.

Пра тое, што задумы запланаваных на верасень вучэнняў АДКБ плануецца “шчыльна ўвязаць з мэтамі” стратэгічных беларуска-расійскіх манеўраў “Захад-2025”, 30 студзеня паведамляла прэс-служба арганізацыі са спасылкай на начальніка аб’яднанага штаба ваенна-палітычнага блока Андрэя Сердзюкова.

На пасяджэнні Савета міністраў абароны краін АДКБ 28 траўня кіраўнік беларускага абароннага ведамства Віктар Хрэнін заявіў пра “зніжэнне параметраў” вучэнняў “Захад-2025” і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан, аднак улады Арменіі замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заяўляюць пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінавачвае арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку. 31 сакавіка МЗС Арменіі паведаміла, што краіна адмаўляецца фінансаваць дзейнасць АДКБ.

Падзяліцца: