Мінск 00:25

Пры прыёме спецыяліста на працу, трэба глядзець, ці служыў ён у войску — Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: Мінабароны

30 чэрвеня, Позірк. “Акцэнты” пры працы з кадрамі на месцах “выразна расставіў” 30 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, “мужыкі павінны служыць [у войску]”, “радзіму абараняць трэба ўсім”.

“Адкасіць ад службы — для мяне асабіста гэта незразумела. Таму што я сам папрасіўся ў войска пасля заканчэння ВНУ, хоць мог не ісці тады ў войска. Ну, як мужык не пабываў у войску?! Што гэта за мужык наогул?!” — заявіў прамоўца.

Звярнуўшы ўвагу, што маладыя спецыялісты пасля службы ў войску не заўсёды вяртаюцца на ранейшае месца працы, Лукашэнка падкрэсліў, што “гэтую праблему трэба вырашаць”.

“Прынамсі [неабходна] сказаць: хлопцы, як было, так і ёсць — усе ідуць у войска, з войска вяртаюцца заатэхнікамі, аграномамі”, — сказаў ён.

“Мы вучылі іх для гэтага. Адслужылі — будзьце здаровыя”, — дадаў палітык.

Пры гэтым, паводле слоў Лукашэнкі, факт службы ва Узброеных сілах павінен улічвацца пры прыёме спецыялістаў на працу.

“Калі ўсеагульны [вайсковы абавязак], то ўсім трэба служыць. І пры прызначэнні, руху, перамяшчэнні людзей трэба глядзець: служыў ці не служыў”, — удакладніў ён.

“У нас сёння жанчыны на любой пасадзе… І снайперамі, і аўтаматчыкамі, і кіроўцамі служаць”, — адзначыў Лукашэнка.

30 чэрвеня ён зрабіў шэраг прызначэнняў на дзяржаўныя і дыпламатычныя пасады.

Пасля падзей 2020 года і расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022-м улады Беларусі зрабілі больш жорсткімі правілы атрымання адтэрміноўкі ад службы ва УС. Таксама былі зніжаныя патрабаванні да здароўя прызыўнікоў пры залічэнні на тэрміновую службу.

Рэжым Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны

Падзяліцца: