Мінск 16:11

За апошні тыдзень колькасць грамадзян еўрапейскіх краін, якія наведалі Беларусь на падставе бязвізу, знізілася амаль на чвэрць

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

30 чэрвеня, Позірк. З 23 па 30 чэрвеня Беларусь у бязвізавым парадку наведала 4.930 жыхароў еўрапейскіх дзяржаў (16–23 чэрвеня — 6.450; зніжэнне плыні на 23,6%;), вынікае з даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За тыдзень у краіну накіравалася 1.774 грамадзяніны Літвы (1.970), 1.745 грамадзян і неграмадзян Латвіі (2.837), 511 грамадзян Польшчы (577), а таксама 900 прадстаўнікоў іншых краін Еўропы (1.066).

Агулам за тры гады і два з паловай месяцы Беларусь на падставе бязвізу наведала 1.137.546 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбылі 360.256 замежнікаў, Літвы — 629.177, Польшчы — 115.743.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы, ім за гэты час скарысталася 32.370 чалавек.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

13 снежня 2024 года бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025-га.

Падзяліцца: