Мінск 16:28

У пункце пропуску Брэст на мяжы з Польшчай праводзіцца рамонт, можа быць ускладнены рух

Пункт пропуску Брэст
Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

30 чэрвеня, Позірк. З 30 чэрвеня да 14 ліпеня ў пункце пропуску Брэст (з боку Польшчы — Цярэспаль) будуць праводзіцца “планавыя работы па бягучым рамонце асфальтабетоннага пакрыцця”, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Адзначаецца, што рамонт “можа адбіцца на ўскладненні руху транспартных сродкаў, якія накіроўваюцца праз пункт пропуску”.

Пункт пропуску Брэст прызначаны для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Паводле даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, яго прапускная здольнасць на суткі ў адным напрамку — 1.700 легкавых аўто.

На 8:00 30 чэрвеня ўезду ў Польшчу праз гэты пункт чакала 2.310 легкавых аўтамабіляў і 56 аўтобусаў.

Варта адзначыць, што Брэст — адзіны дзейны пасажырскі пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы. Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

Да 30 ліпеня 2025 года праводзіцца рамонт пакрыцця дарогі на выезд з Беларусі ў пункце пропуску Беняконі (з боку Літвы — Шальчынінкай), зменена схема руху транспарту.

Падзяліцца: