Мінск 15:43

Праз рамонт дарогі ў пункце пропуску Беняконі мяняецца схема руху — мытня

Пункт пропуску Беняконі (на літоўскім баку — Шальчынінкай)
Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны мытны камітэт

26 чэрвеня, Позірк. У пункце пропуску Беняконі (з літоўскага боку — Шальчынінкай) мяняецца схема руху транспарту — у сувязі з рамонтам пакрыцця дарогі на выезд з Беларусі, які будзе праводзіцца з 26 чэрвеня па 30 ліпеня, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Выезд транспартных сродкаў у бок Літвы будзе арганізаваны “праз паласу сустрэчнага руху па ўязным напрамку, пра што будуць інфармаваць усталяваныя паказальнікі”.

Паводле звестак Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, на 9:00 26 чэрвеня выезду з Беларусі ў пункце Беняконі чакала 60 легкавых і 480 грузавых аўтамабіляў.

Раней “Позірк” паведамляў, што 16–20 чэрвеня ў пункце Беняконі ўкладвалі асфальтабетоннае пакрыццё. Тады мытня папярэджвала пра “ўскладненасць руху наступных праз гэты пункт пропуску транспартных сродкаў”.

На мяжы Літвы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

Падзяліцца: