Мінск 03:15

Прэзідэнт Ірана адмовіўся ад паездкі ў Мінск на саміт ЕАЭС

Фота: Hamad Malekpour / wikimedia.org

25 чэрвеня, Позірк. Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян на фоне абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе не зможа наведаць саміт Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) у Мінску, паведаміў 25 чэрвеня на брыфінгу памочнік прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў.

Паводле слоў Ушакова, Пезешкіян “накіруе відэазварот” удзельнікам саміту, паведамляе ТАСС.

10 чэрвеня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў, што прэзідэнт Ірана наведае Мінск у канцы чэрвеня: “У рамках маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага эканамічнага савета ЕАЭС 26–27 чэрвеня будзе таксама афіцыйны візіт прэзідэнта Ірана. Ён прыме не толькі ўдзел у гэтым мерапрыемстве па лініі ЕАЭС і ў форуме эканамічным, які будзе суправаджаць мерапрыемства, гэта таксама будзе сумешчана з яго афіцыйным візітам”.

19 чэрвеня Рыжанкоў выказаў надзею на візіт іранскага прэзідэнта, нягледзячы на абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе.

Еўразійскі эканамічны форум пройдзе 26 чэрвеня на базе Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра “Белэкспа”. Раней паведамлялася, што ўдзел у ім пацвердзілі ўсе кіраўнікі краін — членаў ЕАЭС (Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана), акрамя прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які прыме ўдзел у мерапрыемстве ў дыстанцыйным фармаце па відэасувязі.

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, для ўдзелу ў форуме зарэгістравана больш за 2 тыс. чалавек з 29 краін. Прадугледжана правядзенне шасці буйных тэматычных блокаў, якія ўключаюць 35 мерапрыемстваў: пленарныя сесіі, круглыя сталы, бізнес-дыялогі і інш.

На наступны дзень пасля форуму, 27 чэрвеня, запланаванае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. “У вузкім і шырокім фармаце кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць бягучы парадак дня, прымуць важныя рашэнні ў дачыненні да перспектыў развіцця саюза (ЕАЭС), а таксама будзе падпісана два пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве — паміж ЕАЭС і Манголіяй, ЕАЭС і Эміратамі. Яны дадуць больш шырокія магчымасці для выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін членаў ЕАЭС з дадзенымі дзяржавамі”, — заяўляў 19 чэрвеня Рыжанкоў.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе абвастрылася 13 чэрвеня, калі розныя цэлі на тэрыторыі Ірана пачала атакаваць Армія абароны Ізраіля. У асноўным удары наносіліся па ваенных і ядзерных аб’ектах, атакавана больш за 1.000 цэляў. У выніку серыі кропкавых удараў было ліквідавана вышэйшае камандаванне Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, іранскай арміі і выведкі, забіта дзевяць навукоўцаў-ядзершчыкаў. Іран заяўляе пра сотні загінулых і прыкладна 1.300 параненых на сваёй тэрыторыі.

Мэтай ізраільскай ваеннай аперацыі названа нанясенне крытычнага ўрону ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу Ірана.

Іран адказаў масіраванымі ўдарамі з ужываннем балістычных ракет і беспілотных лятальных апаратаў. Некаторыя ракеты ўпалі ў жылых раёнах у Тэль-Авіве, Рамат-Гане, Рышон-ле-Цыёне, Бат-Яме, Тамрэ, Хайфе, Петах-Тыкве і іншых населеных пунктах Ізраіля. Вядома, што загінулі не менш за 24 чалавекі, пацярпела больш за 1.000.

22 чэрвеня амерыканскія бамбавікі B-2 нанеслі ўдары па іранскім ядзерным аб’екце ў Форда, выкарыстаўшы шэсць процібункерных бомбаў.

Па іранскіх ядзерных аб’ектах у Натанзе і Ісфахане было запушчана 30 ракет “Тамагаўк” з падводных лодак.

У адказ Іран атакаваў вайсковыя базы ЗША ў Катары, Кувейце, Бахрэйне і ААЭ. Паводле звестак амерыканскага боку, базы ад іранскіх удараў не пацярпелі, ахвяр няма.

Падзяліцца: