Мінск 17:27

Лукашэнка разлічвае на пашырэнне супрацоўніцтва са Славеніяй

25 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “бачыць магчымасці для пашырэння ўзаемадзеяння са Славеніяй па розных напрамках — ад эканомікі і гандлю да адукацыі і культуры“, гаворыцца ў яго віншаванні народу гэтай краіны Еўрасаюза з Днём дзяржаўнасці.

“Наша шматгадовае супрацоўніцтва з’яўляецца прыкладам таго, як народы могуць наладжваць канструктыўныя адносіны на аснове даверу і разумення. Праз усе выпрабаванні часу мы застаемся прыхільнымі прынцыпам раўнапраўнага дыялогу“, — адзначыў Лукашэнка, падкрэсліўшы “глыбокую павагу“ да “нацэленасці Славеніі захоўваць нацыянальныя традыцыі і спадчыну”.

Лукашэнка выказаў упэўненасць, што “мудрасць беларусаў і славенцаў, іх імкненне да міру і стабільнасці будуць садзейнічаць умацаванню дружалюбных сувязяў паміж нашымі краінамі”.

Дэмакратычныя дзяржавы не прызналі Лукашэнку легітымным прэзідэнтам пасля выбараў 2020 года. З тых часоў ён віншуе са святамі не ўлады, а народы гэтых краін.

Славенія як член Еўрасаюза ўвяла санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. У сваю чаргу беларускі ўрад унёс яе ў спіс “недружалюбных краін“, супраць якіх дзейнічае шэраг абмежаванняў.

Славенія фігуруе ў абодвух дакладах “Аб сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах”, якія падрыхтавалі ў чэрвені 2024-га і 2025 гадоў міністэрствы замежных спраў Расіі і Беларусі.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і Аб’яднаны пераходны кабінет падтрымліваюць кантакты з кіраўніцтвам Славеніі.

Мінск і Любляна ўстанавілі дыпламатычныя адносіны 23 ліпеня 1992 года.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Славеніяй у 2021 годзе, паводле даных МЗС, склаў 180 млн долараў. Актуальных звестак ведамства не прыводзіць: з 2022 года краінавая статыстыка засакрэчаная.

Падзяліцца: