Мінск 06:12

Кіраўнік Мінспорту Кавальчук лічыць лагічным адхіленне ад спаборніцтваў атлетаў краін, што пастаўляюць зброю ў зоны баявых дзеянняў

Крыніца: sport5.by

24 чэрвеня, Позірк. Пазіцыя Украіны, якая выступае супраць удзелу беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах з дзяржсімволікай, “напэўна, ужо надакучыла ўсёй сусветнай супольнасці”, заявіў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук у інтэрв’ю расійскаму выданню “Известия”.

“Сёння ў свеце, не толькі ва Украіне — у шмат якіх кропках планеты, дастаткова ўзброеных канфліктаў. І што далей? Мы гэта абмяркоўвалі з калегамі з іншых міністэрстваў спорту на пляцоўцы Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму. І правільна сказаў міністр спорту Расійскай Федэрацыі Міхаіл Уладзіміравіч Дзегцяроў: раз Пакістан высвятляе адносіны з Індыяй, Ізраіль высвятляе адносіны з Іранам, давайце ўсіх спартсменаў гэтых краін таксама адхілім ад удзелу ва ўсіх міжнародных стартах. А яшчэ ж нехта пастаўляе зброю ў зоны баявых дзеянняў — трэба і адхіленне спартсменаў гэтых краін разглядаць. Так жа?” — сказаў чыноўнік.

Ён пагадзіўся з меркаваннем інтэрв’юера, што “трэба баніць усіх, хто нават ускосна звязаны з тым ці іншым канфліктам”. “Абсалютна правільна, — адзначыў кіраўнік Мінспорту. — Тады трэба разбірацца яшчэ з дзясяткамі краін і іх камандамі. Калі ласка, давайце ўсіх адхілім. І хто з гэтага выйграе? Спорт з гэтага выйграе? Свет з гэтага выйграе? Не. Спорт, наадварот, павінен быць пляцоўкай для яднання”.

29 траўня Федэрацыя дзюдо Украіны (ФДУ) заявіла пра няўдзел афіцыйнай дэлегацыі зборнай краіны ў чэмпіянаце свету, які прайшоў з 13 да 19 чэрвеня 2025 года ў Венгрыі, праз тое, што Міжнародная федэрацыя дзюдо (IJF) дапусціла да ўдзелу беларускіх спартсменаў, пры чым з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі.

17 траўня ФДУ выказала “рашучы пратэст” у сувязі з рашэннем IJF дапусціць да спаборніцтваў беларускіх дзюдаістаў з дзяржаўнай сімволікай, назваўшы яго “грубым парушэннем рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта і сур’ёзным ударам па прынцыпах справядлівасці ў спорце”. Пра гэтае рашэнне напярэдадні паведаміў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Рашэнне пачало дзеянне 1 чэрвеня 2025 года.

28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да ўдзелу спартсменаў з Расіі і Беларусі. Рэкамендацыя была адразу і масава прынята да выканання.

28 сакавіка 2023 года па выніках пасяджэння выканкама ў Лазане (Швейцарыя) МАК апублікаваў заяву, у якім рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе. Шэраг федэрацый выканаў рэкамендацыю, дзякуючы чаму абмежаваная колькасць беларусаў удзельнічала ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года.

Рэкамендацыя МАК не распаўсюджваецца на камандныя віды спорту, бо “каманды атлетаў з расійскім ці беларускім пашпартам не разглядаюцца”.

Падзяліцца: